2012-10-07 12:32:51

Мінск: падарожжа нацыянальнай святыні


RealAudioMP3 У вялікае падарожжа па Беларусі адправілася адна з самых шанаваных святынь краіны – Будслаўская ікона Божай Маці. Напярэданні, 5 кастрычніка, яна прыбыла ў Мінск. У Архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі абраз сустракалі ўрачыста – шматлікія святары і вернікі. Перэгрынацыя пройдзе з копіяй Будслаўскага абраза, яна была напісана спецыяльна з гэтай мэтай. Бо арыгінал – ніколі не пакідае Будслаўскага санктуарыя, вось ужо 400 гадоў. Юбілей Будслаўскай іконы – адна з прычын падарожжа святыні. Да абраза прыяжджаюць шматлікія пілігрымы, а дзякуючы перыгрынацыі дакрануцца да яго зможа яшчэ больш вернікаў. І магчыма, паводле малітваў, атрымаць дапамогу – адзначыў кусташ Нацыянальнага санктуарыя ў Будславе айцец Віктар Бурлака.

“З даўніх часоў каля абраза захоўваюцца “памяткі”, якія сведчаць, што чалавек маліўся і атрымаў дапамогу. Гэтыя воты, звычайна ў форме сэрца або рукі, гавораць аб цудоўных аздараўленнях, што адбываліся праз заступніцства Маці Божай Будслаўскай. Цяпер таксама, калі прыяжджаюць або прыходзяць пілігрымы і турысты, яны пакідаюць свае запісы ў кнізе, мы ўжо скончылі яе другі том і пачалі трэці. Калі прачытаць, там ёсць і апісанні цудаў. Але самае галоўнае, калі адбываецца цуд – ён адбываецца ў душы чалавека, а не кожны хоча аб гэтым гаварыць. Таму гэта часта таямніца. Для нас. Але тое, што прыходзіць да іконы шмат людзей, з кожным годам больш і больш, гэта пацвярджэнне таго, што гэта месца абрана Богам”, - падзяліўся а. Віктар.

Св. Імшу ў мінскай архікатэдры правёў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Ён паведаміў – другая прычына перэгрынацыі Будслаўскай іконы – Год веры, пачатак якога ў Каталіцкім Касцёле з 11 катрычніка абвясціў папа Бэнэдыкт XVI. У Беларусі яго пачатак адзначаць урачыстай св. Імшой 14 кастрычніка ў архікатэдральным касцёле. Да алтара будуць прынесены Катэхізіс Каталіцкага Касцёла і Дакументы Другога Ватыканскага Сабора – менавіта гэтыя дакументы, паводле закліку Пантыфіка, павінны стаць базісам для Года веры.

Копія Будслаўскай іконы затрымаецца ў Мінску ўсяго на тыдзень, каб адправіцца потым у падарожжа і скончыць яго праз 9 месяцаў у Будславе.







All the contents on this site are copyrighted ©.