2012-10-06 12:31:07

У ініцыятыве Святога Пасаду прымае ўдзел Прэзідэнт Італіі


RealAudioMP3 5-6 кастрычніка ў Асізі праходзіць чарговы этап ініцыятывы Папскай рады па культуры “Падворак язычнікаў”. Горад св. Францішка стаў месцам, дзе веруючыя і няверуючыя разважаюць разам на тэму: “Невядомы Бог”. У мерапрыемстве прымае ўдзел 40 дакладчыкаў, шматлікія прадстаўнікі свету культуры і эканомікі, а таксама вядомыя журналісты. Працы форуму адкрыў Прэзідэнт Італіі Джорджа Напалітана. Палітык адзначыў, што для пераадолення эканамічнага, палітычнага і грамадскага крызісу, Італіі патрэбны дух Асізі. Ён нагадаў, што італьянскае грамадства перажывае перыяд глыбокай няўпэўненасці і неспакою, які можна перамагчы толькі дзякуючы “надзвычайнай канцэнтрацыі і згоды” веруючых і няверуючых. “Гэта мэта павінна ажывіць значэнне этыкі і абавязку, новага разумення духоўных каштоўнасцяў, дару культуры і саліданасці”, - адзначыў Напалітана. Прэзідэнт упэўнены, што Італія патрабуе адкрытасці, узаемнага слухання, разумення, дыялогу, збліжэння і адзінства ў разнайстайнасці”.

У сваім выступленні кардынал Джанфранка Равазі, ініцыятар “Падворку язычнікаў”, звярнуў увагу на феномен злоўжывання службовым становішчам у свеце італьянскай палітыкі. “Гэта хвароба больш цяжкая, чым амаральнасць”, - адзначыў старшыня Папскай рады па культуры і дадаў, што ў сферы палітыкі квітнеюць абыякавасць, павярхоўнасць і баналізацыя, а першае месца займае пыха.

Паралельна з “Падворкам язычнікаў” у Асізі праходзяць два іншыя мерапрыемствы Папскай рады па культуры: “Падворак дзяцей” і “Падворак аповедаў”. Дыскусіі і мерапрыемствы, якія адбываюцца у рамках форуму, трансліруюцца на італьянскім нацыянальным тэлебачанні “RAI” і на хвалях Ватыканскага радыё.








All the contents on this site are copyrighted ©.