2012-10-06 13:48:33

Былы камердынер асуджаны на 18 месяцаў пазбаўлення волі


RealAudioMP3 Адзін год і шэсць месяцаў пазбаўлення волі, а таксама аплата судовых выдаткаў: такое рашэнне вынес Ватыканскі трыбунал супраць Паўла Габрыэле, былога камердынера Папскага дому, прызнанага вінаватым у крадзяжы канфідэнцыйных дакументаў пры абцяжарваючых абставінах. Падчас сённяшняга слухання выступілі прамотар справядлівасці і абаронца, а таксама сам Габрыэле. “Я дзейнічаў выключна з любові да Касцёла”, “я не злодзей”, сказаў абвінавачаны ў канцы судовага працэсу. Адвакаты могуць падаць апеляцыю на рашэнне трыбуналу. Як заявіла абаронца былога камердынера, Крысціяна Ару, тэрмін да трох гадоў пазбаўлення волі быў скарочаны да 18 месяцаў улічваючы змякчальныя абставіны і рашэнне аплаціць судовыя выдаткі. На пытанне старшыня Ватыканскага трыбуналу Джузэпэ Дала Торэ, ці прызнае Габрыэле сябе вінаватым, камердынер настойліва сцвердзіў: “Калі я павінен сказаць гэта яшчэ раз, паўтару, я не адчуваю сябе злодзеем”.

Прамотар справядлівасці падчас свайго выступлення выключыў існаванне саўдзельнікаў у гэтай справе і запатрабаваў для Паўла Габрыеле пакарання ў выглядзе трох гадоў пазбаўлення волі за крадзеж пры абцяжарвальных абставінах, а таксама частковае абмежаванне займання пасад, што азначае магчымасць працягу працы Габрыэле ў Ватыкане пасля адбыцця пакарання, але не на адказных пасадах. У сваю чаргу адвакат Крысціяна Ару папрасіла змяніць класіфікацыю злачынства, як крадзеж пры абцяжарвальных абставінах на крадзеж, паколькі, паводле яе слоў, Габрыэле кіраваўся “высокімі маральнымі падставамі ў тым, што рабіў”. У якасці альтэрнатывы, абаронца Габрыэле папрасіла мінімізацыі пакарання.

Трэба адзначыць, што падчас судовага працэсу было адхілена меркаванне аб псіхічнай хваробе абвінавачанага.







All the contents on this site are copyrighted ©.