2012-10-05 13:51:30

Прэфект Кангрэгацыі Веравучэння пра лефебрыстаў, рэфармацыю і іслам


RealAudioMP3 Новы прэфект Кангрэгацыі Веравучэння, арцыбіскуп Герхард Людвіг Мюлер, у інтэрв’ю нямецкай радыёстанцыі “NDR”, якое выйдзе ў эфір у суботу, паведаміў, што не бачыць падстаў для новых перамоў з Брацтвам св. Пія X. “Я думаю, што на дадзены момант не паследуе новых размоў”, - прызнаўся іерарх. “Мы не можам каталіцкую веру рабіць прадметам гандлю. Тут не існуе ніякіх кампрамісаў”, - дадаў арцыбіскуп Мюлер. Ён прызнаўся, што Кангрэгацыя Веравучэння ў сціслым кантакце са Святым Айцом будзе вырашаць, як дзейнічаць далей.

Прэфект ватыканскай дыкастэрыі даў зразумець, што ІІ Ватыканскі Сабор не супярэчыць супольнай традыцыі Касцёла. Ён дадаў, што рашэнні Сабору не здзейснілі ніякай дэфармацыі каталіцкай веры, аб чым пастаянна кажуць лефебрысты. Арцыбіскуп сказаў, што для апошніх “у пастырскім сэнсе, дзверы застаюцца адчыненымі”.

Брацтвам св. Пія X адпрэчвае рэформы Сабору, асабліва ў сферах літургіі, экуменізму і свабоду веравызнання. З канца 2009 г. было некалькі раўндаў перамоў паміж Святым Пасадам і прадстаўнікамі лефебрыстаў па спрэчных дактрынальных пытаннях. У сярэдзіне верасня апошнія прадставілі Апостальскай Сталіцы “дактрынальныя заяву” аб сваіх адносінах да асноўных момантаў веравучэння Каталіцкага Касцёла. Пасля чаго стала відавочным, што працэс спыніўся.

Прэфект Кангрэгацыі Веравучэння выказаў таксама меркаванне наконт 500- годдзя Рэфармацыі, якое будзе адзначацца ў 2017 г. Ён падкрэсліў, што падзеі павінны разглядацца гістарычна правільна і толькі гэта можа даць магчымасць для ўстанаўлення экуменічных працэсаў і прыняцця іх як імпульсу, які можа адкрыць шлях да большага адзінства Касцёла.

Арцыбіскуп Мюлер упэўнены, што працэс прымірэння і ўзаемнага прабачэння паміж католікамі і пратэстантамі практычна завершаны, таксама што тычыцца ўсяго экуменічнага працэсу. Ужо шмат было асягнута супольнымі намаганнямі, таму гэта ўжо не пачатак, упэўнены іерарх. Таму “мы не павінны гэту дату разглядаць як магічную”, - дадаў ён, гаворачы пра 500-гадовы юбілей Рэфармацыі.

У скандалах, звязаных з сексуальнымі злоўжываннямі, арцыбіскуп Мюлер адвяргае падыход да Касцёла, як да злачынцы. “Сцвярджэнне, што праблема гэтых зверстваў ляжыць ў касцёльнай сістэме, я павінен адхіліць як сур’ёзную несправядлівасць”, - сказаў ватыканскі іерарх. На яго думку, несправядлівае і меркаванне, што Касцёл нібыта апраўдвае злачынцаў і такім чынам іх пакрывае.

Арцыбіскуп Мюлер звярнуўся таксама да тэмы насілля ў імя Бога ў кантэксце апошніх падзей у ісламскім свеце. На яго думку, улады ісламскіх краін павінны даць зразумець, што ніхто не мае права паступаць несправядліва да іншых людзей у імя Алаха. “Мы павінны таксама выступаць супраць палітызацыі рэлігіі ва ўсім свеце, бо менавіта хрысціянская вера выступае за цярплівасць і мірнае суіснаванне з людзьмі іншых культур”, - нагадаў арцыбіскуп. Гэта магчыма, толькі тады, калі хтосьці паважае свабоду сумлення іншых людзей не падпарадкоўваючы яе асабістым рэлігійным перакананням, заключыў Новы прэфект Кангрэгацыі Веравучэння.







All the contents on this site are copyrighted ©.