2012-10-04 12:50:04

200 гадзін відэа з ІІ Ватыканскага сабору ляглі ў аснову фільма


RealAudioMP3 Папская рада па сродках масавай камунікацыі і кінастудыя “Micromegas” стварылі адмысловы дакументальны фільм прысвечаны адкрыццю ІІ Ватыканскага сабора. Яго ўрачыстая прэм’ера адбудзецца 11 кастрычніка 2012 г. на італьянскім тэлеканале “Rai”. Пра ідэю паўстання і асаблівасці фільма распавёў нашаму радыё арцыбіскуп Клаўдыё Марыя Чэллі, старшыня ватыканскай дыкастэрыі, якая займаецца СМІ. Ён адзначыў, што фільм нарадзіўся з жадання пазнаёміць новыя пакаленні (...) з каштоўнасцямі Сабору. У Ватыканскай фільматэцы знаходзіцца больш за 200 гадзін відэа-матэрыялаў з гэтай біскупскай асамблеі. Паводле слоў іерарха, намер стваральнікаў – дапамагчы сучаснаму чалавеку адкрыць яе каштоўнасць. Ён адзначыў, што з гэтых 200 гадзін відэа, большая частка не была вядома да гэтага часу. Тут і абвяшчэнне склікання Сабора бл. Янам ХХІІІ у 1959 г., і здымкі адкрыцця яго прац 11 кастрычніка 1962 г. Акрамя таго даволі падрабязна зняты ход прац асамблеі і яе закрыццё ў 1965 г.

Арцыбіскуп Чэллі падзяліўся, што ў фільме выступае асабісты сакратар Яна ХХІІІ арцыбіскуп Ларыс Франчэска Капавіла і 13 кардыналаў – удзельнікаў Сабору, якія дзеляцца сваімі сведчаннямі і думкамі. Ёсць гістарычныя кадры тады яшчэ маладога тэолага кс. Ёзэфа Ратцынгера, які быў экспертам на Саборы. Сімвалічна, што фільм пачынаецца выказваннем Бэнэдыкта ХVI аб тым, як трэба разумець і глядзець на ІІ Ватыканскі Сабор сёння.








All the contents on this site are copyrighted ©.