2012-10-02 11:34:30

Ватыканскі дыпламат нагадаў ААН аб яе місіі


RealAudioMP3 Арцыбіскуп Дамінік Мамбэрці прымае ўдзел у 67-й сесіі Генеральнай асамблеі ААН. Яна праходзіць у Нью-Ёрку і прысвечана ўладжванню міжнародных канфліктаў мірным шляхам. Сакратар па адносінах з дзяржавамі, выступаючы перад удзельнікамі, перадаў словы прызнання Бэнэдыкта XVI для працы міжнароднай структуры. Ватыканскі дыпламат нагадаў, што свет за 67 гадоў існавання Арганізацыі Аб’яднаных Нацый зведаў сур’ёзныя змены, а тэхнічны і эканамічны прагрэс прывёў да з’яўлення “глабальнай вёскі”, якая знаходзіцца ў пастаяннай эвалюцыі і ў якой усё яшчэ існуе шмат несправядлівасці. Тут гаворка ідзе пра прорву, якая паўстала паміж багаццем і беднасцю, а таксама “зварот да злачыннасці, тэрарызму, вайны па ідэалагічных, этнічных ці культурных матывах”. Арцыбіскуп Мамбэрці лічыць, што сёння існуе “занадта лёгкі доступ да тэхналогій вайны”. Ён нагадаў аб вяршынстве права, “якое само па сабе стварае аснову для лепшай гарантыі правоў чалавека і мірнага міжнароднага супрацоўніцтва”.

Ватыканскі іерарх выказаў меркаванне, што сёння ААН не хапае адзінства і сілы пераканання. Ён закрануў тэму бягучага крызісу і выказаў перакананне, што апошні “звязаны са значным крызісам веры ў агульныя каштоўнасці, замацаваныя ў Статуце Арганізацыі Аб’яднаных Нацый”, а таксама “глыбокім антрапалагічным крызісам, гэта значыць, адсутнасцю агульнага разумення таго, што з’яўляецца сапраўды чалавечым”.

Арцыбіскуп Мамбэрці ўзгадаў “абуральныя падзеі” на Блізкім Усходзе, асабліва ў Сірыі, і заклікаў міжнародную супольнасць да сумеснай працы для дапамогі рэгіёну. Ён не заставіў без увагі такія тэмы як: свабодны гандаль, перадача ведаў і тэхналогій, а таксама прамая дапамога бяднейшым слаям насельніцтва. Ватыканскі дыпламат перакананы, што невырашэнне гэтых пытанняў будзе прыводзіць да “вяртання старых фантазій, такіх як крайні нацыяналізм, папулізм і ксенафобія”.

Арцыбіскуп Мамбэрці заклікаў адмовіцца ад тлумачэння міжнародных дамоў па правах чалавека на аснове рэдукцыянісцкай і рэлятывісцкай канцэпцый чалавека, якія ставяць пад пагрозу права на жыццё і імкнуцца да дэканструкцыі мадэлі сям’і, заснаванай на саюзе мужчыны і жанчыны і скіраванай на нараджэнне дзяцей і іх выхаванне. На яго думку, гэтыя спробы ў канчатковым рахунку “могуць аслабіць аўтарытэт і легітымнасць Арганізацыі Аб’яднаных Нацый як універсальнай прылады для супрацоўніцтва і трывалага міру”.







All the contents on this site are copyrighted ©.