2012-10-02 16:51:54

Былы камердынер Пантыфіка настойвае на сваёй нявінаватасці


RealAudioMP3 2 кастрычніка працягнуўся судовы працэс над былым камердынерам Пантыфіка Паўла Габрыэле. Суддзі заслухалі самаго абвінавачанага. Ён паскардзіўся на псіхалагічны і іншы ціск напрацягу першых 15-20 дзён затрымання. “Камера была такая маленькая, што я не мог развесці рукі. Святло гарэла напрацягу 24 гадзін”, - заявіў абвінавачаны і дадаў, што гэта дрэнна адбілася на яго зроку. Ён таксама пакрыўдзіўся на адсутнасць падушкі і некаторыя іншыя бытавыя нязручнасці ў камеры. Па сутнасці, аднак, прызнаў сваю віну ў тым, што злаўжыў даверам Святога Айца, але не прызнаў віны з абцяжарваючымі абставінамі і тое, што здзейсніў крымінальны ўчынак. Габрыэле настойваў на тым, што не меў саўдзельнікаў, але назваў сем чалавек, якія на яго “паўплывалі”.

Кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы кс. Фэдэрыка Ламбардзі паведаміў, што у камеры, дзе ўтрымліваўся пад арыштам Габрыэле, былі вытрыманы “міжнародныя стандарты, якіх вымагаюць пагадненні, падпісаныя Ватыканам”. Аднак сёння, у сувязі са скаргамі абвінавачанага, суддзя Пікардзі паведаміў, што быў зроблены спіс з 39 пунктаў для стварэння добрых умоў утрымання вязня і аказання яму неабходнай медыцынскай і духоўнай дапамогі. Кс. Ламбардзі адзначыў, што слуханні будуць працягвацца, і, верагодна, напрыканцы гэтага тыдня будзе вынесены прысуд.








All the contents on this site are copyrighted ©.