2012-10-01 10:40:36

Італьянскі кардынал падвёў вынікі сустрэчы еўрапейскіх біскупаў


RealAudioMP3 Прыняць выклік секулярызма. Да такога рашэння прыйшлі ўдзельнікі пленарнага пасяджэння Рады Канферэнцыі Біскупаў Еўропы, якое 30 верасня закончылася ў швейцарскім Санкт-Галене. Біскупы шмат разважалі на тэму будучыні Еўропы ў сувязі з сучаснымі культурнымі тэндэнцыямі. Аб гэтым у інтэрв’ю нашаму радыё расказаў кардынал Анджэла Баньяска, старшыня епіскапата Італіі і віцэ-старшыня Рады епіскапатаў Еўропы. Паводле яго, фундаментальнай задачай, якая стаіць перад Старым Кантынентам сёння – гэта адкрыццё ўласнай душы. “Пад душой я разумею тыя ідэалы, духоўныя і маральныя каштоўнасці, якія айцы Еўрасаюза – Шуман, Адэнаўэр і Дэ Гаспары, усведамлялі, калі думалі аб аб’яднанай Еўропе”, - сказаў іерарх. “Такім чынам, у момант калі Еўропа думае аб сабе самой, яна павінна ясна і рашуча вярнуцца да ўласных хрысціянскіх каранёў. Гэта першы і фундаментальны выклік, які я бачу для нашага кантынента. Унутры гэтага першага выкліку мне здаецца, што павінна развіцца, з дапамогай усіх, і перш за ўсё нас – Каталіцкага Касцёла, культурная распрацоўка двух фундаментальных катэгорый, якія на мой погляд з’яўляюцца “петлямі” Еўрасаюза: свабоды – асаблівай спадчыны сучаснасці, але перш за ўсё, плёну Евангелля - свабоды, як формы самаабмежавання. І другой катэгорыі – недыскрымінацыі”, - сказаў іерарх.

Кардынал Баньяска адзначыў, што для таго, каб Еўропа магла знайсці саму сябе, важнае значэнне мае рэлігійнае вымярэнне,. “Адкінуць Бога на перыфірыю ці прэтэндаваць на пабудову зямнога горада без рэлігійнага, трасцэндэнтнага вымярэння, азначае ісці супраць людзей: калі чалавек пазбаўляецца свайго фундамента, які трасцэндэнтны, што кладзецца ў аснову яго учынкаў? У момант калі адмаўляецца чалавечая прырода і Стварыцель, губляецца фундамент дзейнасці, як асабістай так і супольнай. Нам уручаецца логіка лічбаў, якія неабходны для дэмакратыі, але не павінны быць дамінуючымі, калі гаворка ідзе пра маральныя каштоўнасці, фундаменты, бо большасць заўсёды невызначаная”, - сказаў іерарх.

На думку кардынала Баньяска, у гэтым кантэксце з’яўляецца асабліва актуальным Год веры, які хутка пачнецца ў Касцёле. Ён павінен стаць часам навяртання сэрца і перамены жыцця вернікаў, а з гэтага народзіцца і евангелізацыйны запал, які прынясе вялікія плёны для Еўропы, мяркуе італьянскі іерарх.








All the contents on this site are copyrighted ©.