2012-10-01 12:26:37

Славутыя госці санктуарыя ў Ларэта


RealAudioMP3 4 кастрычніка Бэнэдыкт XVI наведае санктуарыі ў Ларэта – месца дзе, паводле хрысціянскай традыцыі, знаходзіцца дом у якім жыла Найсвяцейшая Панна Марыя і пачула словы арханёла Габрыэля “Вітай, поўная ласкі. Пан з табою. Не бойся, бо знайшла ты ласку ў Пана. Вось зачнеш ва ўлонні сваім і народзіш Сына, і дасі Яму імя Езус”. Лічыцца што дом быў перанесены на тэрыторыю сучаснай Італіі ў сярэдневеччы – у часы Крыжовых паходаў. Гэта месца на працягу стагодзяў карысталася вялікая пашанай не толькі сярод мясцовага насельніцтва, але таксама шматлікіх Папаў, святых, палітыкаў і дзеячаў мастацтва і культуры. У хроніках Апостальскай Сталіцы адзначана, што санктуарый у Ларэта наведвалі як мінімум 12 Пантыфікаў. Акрамя таго, сюды прыходзіў памаліцца св. Ігнацый Лаёла, св. Францішак Ксаверый, св. Луіджы Ганзага, св. Карл Барамей, св. Тэрэза ад Дзіцятка Езус, літургічны успамін якой адзначаецца сёння, св. Максімільян Кольбэ і многія іншыя.

У 1618 г. у Ларэта прыязджаў Галілеа Галілей, а праз год пасля яго філосаф Дэкарт. Апошні прыбыў сюды пешшу з Венецыі, каб падзякаваць Панне Марыі за цудоўныя адкрыцці, якія зрабіў і папрасіць ласкі для наступных. У 1655 г., незадоўга пасля свайго навяртання, ў Ларэта прыбывала шведская каралева Крысціна. Нават Казанова, больш вядомы дзякуючы іншым учынкам, пісаў у сваім дзённіку, што пілігрымка ў Ларэта пакінула ў яго вельмі добрыя ўспаміны. Вольфганг Амадэй Моцарт быў тут у 1770 г. Пад уражаннем ад санктуарыя, праз чатыры гады ён напісаў музыку да Ларэтанскай літанні. Самым вядомым пілігрымам у Ларэта быў Папа Ян ХХІІІ. Ён здзейсніў сваё падарожжа 50 гадоў таму – 4 кастрычніка 1962 г. Гэта быў першы выезд Рымскага Пантыфіка за тэрыторыю Ватыкана, пасля стварэння Італіі і знікнення з карты Еўропы Папскай дзяржавы.








All the contents on this site are copyrighted ©.