Памятны медаль да восьмай гадавіны пантыфіката Бэнэдыкта XVI
29 верасня адбылася
прэзентацыя памятнага медаля, прысвечанага восьмай гадавіне пантыфіката Бэнэдыкта
XVI. Ён быў адчаканены на манетным двары Італьянскай Рэспублікі ў трох варыянтах:
залатым, сярэбраным і бронзавым. Памер медаля – 44 мм у дыяметры. На аверсе – профільная
выява Святога Айца, вакол якой размешчаны надпіс на лацінскай мове: Бэнэдыкт XVI,
Найвышэйшы Пантыфік, Год восьмы. Пазначаны таксама маленькімі літарамі аўтограф аўтара
– італьянскай мастачкі Марыанжэлы Крышоцці. На гурце выбіта на лацінскай мове “Горад
Ватыкан”. На рэверсе медаля змешчана выява Хрыста Валадара Сусвету – копія візантыйскай
мазаікі, якая ўпрыгожвае Палацінскую капліцу каралеўскага палацу ў Палерма ХІІ-ХІVст.
“Выява Хрыста Валадага, “таго, хто кіруе ўсім сусветам”, перадае паўсюднае пасланне
веры ў Езуса Хрыста, першага Евангелізатара і Бога, уцелаўлёнага на зямлі”, - адзначаецца
ў паведамленні Залы Друку. Хрыстус з выявы благаслаўляе трыма пальцамі, што сімвалізуе
Святую Тройцу і трымае ў руках Кнігу Жыцця, што нагадвае аб словах з Евангелля паводле
св. Яна: “Я – святло свету. Хто ідзе за Мною, той не будзе хадзіць у цемры, але будзе
мець святло жыцця”. Кожны экземпляр медаля пранумераваны і мае спецыяльны сертыфікат
з пячаткай Дзяржсакратарыяту і Манетнага двара Італіі.