2012-09-26 11:28:34

Літургія – школа малітвы


RealAudioMP3 “Літургія – школа малітвы. Пан сам нас вучыць маліцца” – такой тэме была прысвечана катэхеза Бэнэдыкта XVI прамоўленая падчас агульнай аўдыенцыі 26 верасня. Звяртаючыся да вернікаў сабраных на плошчы св. Пятра Святы Айцец адзначыў, што навучыцца малітве можна чытаючы і разважаючы над Бібліяй. “Але існуе іншае “месца”, іншая каштоўная “крыніца” для таго, каб узрастаць у малітве” – гэта літургія – “прывелеяваная прастора ў якой Бог кажа да кожнага з нас, тут і зараз, і чакае нашага адказу”. “Што такое літургія? Калі адкрыем Катэхізіс Каталіцкага Касцёла – заўсёды каштоўную і неад’емную апору, асабліва ў Год веры, які хутка пачнецца – прачытаем, што слова “літургія” азначае “служэнне народам ці на карысць народа”, - сказаў Папа. Гаворка ідзе пра народ, “сфарміраваны дзякуючы Пасхальнай таямніцы Езуса Хрыста”, які “не існуе дзякуючы сувязі па крыві, тэрыторыі, нацыі, але нараджаецца праз дзейнасць Сына Божага і камунію з Айцом”. Папа падкрэсліў – ў хрысціянскай традыцыі слова “літургія” азначае, што Народ Божы удзельнічае ў справе Бога – “у літургіі Бог сам дзейнічае і мы ўключаемся ў гэту дзейнасць Бога”.

Пантыфік расказаў, што 50 гадоў таму, працы ІІ Ватыканскага Сабора пачаліся з дыскусій менавіта над дакументам аб літургіі, які быў урачыста зацверджаны 4 снежня 1963 г. “Тое, што дакумент аб літургіі быў першым вынікам саборавага сходу, некаторым падавалася выпадковасцю”, але “без сумніваў, тое, што на першы погляд падавалася выпадковасцю, аказалася самым справядлівым выбарам, таксама з улікам іерархіі самых важных тэм і заданняў Касцёла”.

“Пачынаючы, з тэмы “літургія” быў ясна акрэслены прымат Бога, яго абсалютны прыярытэт. Перш за ўсё Бог: менавіта гэта нам кажа саборавы выбар распачынання ад літургіі. Там дзе позірк на Бога не з’яўляецца вызначальным, усе іншыя рэчы губляюць свой накірунак. Фундаментальны крытэрый літургіі – гэта яе скіраванасць на Бога, каб, такім чынам удзельнічаць у яго справе”, - сказаў Папа.

Святы Айцец спытаўся – “што гэта за справа Бога ў якой мы пакліканы ўдзельнічаць?” Адказ на гэта пытанне ўтрымліваецца ў саборавай Канстытуцыі пра святую літургію. Там гаворыцца, што справа Божая, гэта Яго дзеі ў гісторыі, якія вядуць нас да збаўлення і знаходзяць сваю кульмінацыю у смерці і ўваскрасенні Езуса, а таксама, што цэлебрацыя літургіі з’яўляецца “справай Хрыста”.

“У рэальнасць два гэтыя значэнні непадзельна звязаныя. Калі мы спытаемся, хто збаўляе свет і чалавека, адзіным адказам будзе: Езус з Назарэта, Пан і Хрыстус, укрыжаваны і ўваскрослы. І дзе становіцца актуальным для нас, для мяне сёння Таямніца смерці і уваскрасення Хрыста, што нясе збаўленне? Адказ: у дзейнасці Хрыста праз Касцёл, літургію, асабліва сакрамэнт Эўхарыстыі, які робіць прысутнай ахвяру Сына Божага, які нас адкупіў; у сакрамэнце прымірэння, у якім пераходзім ад смерці да новага жыцця; і ў іншых сакрамэнтах, якія нас асвячаюць”, - сказаў Папа.

Святы Айцец нагадаў навучанне св. Бэнэдыкта аб тым, што пры малітве словы павінны папярэднічаць думкам. “Святая літургія дае нам словы; мы павінны ўвайсці ў іх значэнне, прыняць іх у нас, і ўвайсці ў сугучча з імі (...) Фундаментальным і першасным элементам, у дыялогу з Богам у літургіі, з’яўляецца згода паміж тым, што мы кажам вуснамі і тым, што носім у сваіх сэрцах”, - адзначыў Папа. Гэтаму дапамагае літургічны заклік “sursum corda” – “у гору сэрца” – “узнясём нашы сэрцы па-над блытанінай нашых турботаў, жаданняў, бедаў, прывабнасцяў. “Наша сэрца павінна адкрыцца на Слова Божае і засяродзіцца на малітве Касцёла, каб атрымаць накірунак да Бога са словаў, якія слухае і прамаўляе. Позірк сэрца павінен скіравацца на Пана, які сярод нас: такай адкрытасць фундаментальная”, - адзначыў Папа.








All the contents on this site are copyrighted ©.