2012-09-25 16:16:16

Біскупы Еўропы збяруцца ў горадзе св. Гала


RealAudioMP3 “Выклікі нашага часу: сацыяльныя і духоўныя аспекты” – гэта тэма пленарнага пасяджэння старшынь епіскапатаў Еўропы, якая пройдзе у швейцарскім Санкт-Галене 27-30 верасня. Увядзенне ў форум зробяць тры дакладчыкі, якія прадставяць тэму з розных поглядаў: французскі біскуп Андрэ-Джозэф Леанард, Марта Картабія, суддзя Канстытуцыйнага суда Італіі і швейцарскі прафесар Куно Шэдлер – спецыяліст у эканоміке. Старшыня Рады епіскапатаў Еўропы, арцыбіскуп Эштэргом-Будапешскі Пэтэр Эрдо расказаў, што паўплывала на выбар тэмы і месца правядзення сустрэчы. Ён адзначыў, што выбар месца звязаны з успамінам 1400-годдзя прыбыцця ірландскага прапаведніка і асветніка св. Гала, у горад, які цяпер носіць яго імя. “Мы будзем як пілігрымы, якія пахіляюцца, каб слухаць св. Гала – чалавека, які вельмі прычыніўся да евангелізацыі гэтай часткі Швейцарыі. Як і для усіх пілігрымаў, наша сустрэча будзе адбывацца разам з малітвай і праслаўленнем Бога, праз розныя цэлебрацыі, якія ўключаны ў праграмы мерапрыемства”, - сказаў іерарх.

Паводле кардынала Эрдо ў гэты час эканамічных цяжкасцяў, чалавек можа лёгка паддацца самай распаўсюджанай сучаснай хваробе – адчаю. “Недахоп надзеі – гэта галоўная зло нашага часу”, - сказаў венгерскі іерарх.

Сярод тэм, якія будуць абмяркоўваць еўрапейскія біскупы: дыскрымінацыя хрысціян ў Еўропе і іх пераслед у свеце, праца Еўрасаюза і Савета Еўропы, Год веры і 50-годдзе адкрыцця ІІ Ватыканскага Сабора. У Санкт-Гален прыбудуць таксама прэфект Кангрэгацыі па справах Біскупаў, кардынал Марк Уэлле, прадстаўнікі кантынентальных біскупскіх аб’яднанняў з Лацінскай Амерыкі, Афрыкі і каталіцкія іерархі з Казахстана.








All the contents on this site are copyrighted ©.