2012-09-24 12:44:56

Рым: канферэнцыя памяці Раўля Валенберга


RealAudioMP3 24 верасня ў Рыме праходзіць канферэнцыя пад назвай “Адвага перад абліччам зла” з нагоды 100-годдзя з дня нараджэння Раўля Валенберга, шведскага дыпламата, які выратаваў шмат тысяч венгерскіх яўрэяў у часы ІІ Сусветнай вайны. Яе арганізатарамі з’яўляюцца пасольства Швецыі пры Апостальскай Сталіцы, Аб’яднанне яўрэйскіх супольнасцяў у Італіі і экуменічная “Супольнасць св. Ігідзія”. Раўль Валенгберг у 1944 г. быў прызначаны першым сакратаром Шведскага пасольства ў Венгрыі. Карыстаючыся сваім статусам ён выдаваў многім яўрэям шведскія пашпарты і такім чынам абараніў іх ад дэпартацый. Таксама ён здолеў пераканаць некаторых нямецкіх генералаў не выконваць загады Гітлера па вывазу яўрэяў у лагеры смерці з Будапешскага гета. Валенберг арганізаваў сталовыя, бальніцы, дзіцячыя прытулкі і школы для венгерскіх яўрэяў, а таксама спецыяльныя дамы, у якіх гасцілі каля 33 тыс. чалавек.

Пасля ўваходу савецкіх войскаў у Будапешт Раўль Валенберг быў арыштаваны патрулём НКВД. Дакладна аб яго далейшым лёсе нічога не вядома. Савецкае радыё паведамляла, што ён загінуў падчас вулічных баёў, але па некаторых дадзеных шведскі дыпламат быў забіты ў савецкай турме ў 1947 г.








All the contents on this site are copyrighted ©.