2012-09-23 12:33:10

Папа перад “Анёл Панскі”: логіка Бога больш высокая, чым наша (поўны тэкст)


RealAudioMP3 Адрозненню паміж мысленнем Бога і чалавека, прысвяціў сваё разважанне перад “Анёл Панскі” Бэнэдыкт XVI. 23 верасня на плошчы перад Апостальскім палацам у Кастэль Гандольфа Папа традыцыйна звярнуўся да вернікаў. Абапіраючыся на фрагмент Евангелля з нядзельнай літургіі Святы Айцец адзначыў, што логіка Бога заўсёды больш “высокая” чым наша, таму, “наследаванне Пана патрабуе ад чалавека глыбокага на-вяртання, перамены ў спосабе мыслення і жыцця, адкрыцця сэрца на слуханне, каб дазволіць асвяціць сябе і ўнутрана перамяніць”. “Дарагія браты і сёстры! – прывітаў вернікаў Папа – На нашым шляху з Евангеллем паводле св. Марка, у мінулую нядзелю, мы ўвайшлі ў другую частку, гэта значыць апошняе падарожжа ў Іерусалім і кульмінацыю місіі Езуса. Пасля таго, як Пётр, ад імя вучняў, вызнаў веру ў Езуса прызнаўшы Яго Месіей (пар Мк 8,29), Хрыстус пачаў адкрыта казаць аб тым, што адбудзецца напрыканцы. Евангеліст перадае тры прадказанні смерці і ўваскрасення, у 8, 9 і 10 раздзелах: у іх Езус абвяшчае ўсё больш ясна аб лёсе, які Яго чакае і сваёй унутранай патрэбе. Фрагмент, чытання на сённяшнюю нядзелю ўтрымлівае ў сябе другое з гэтых прадказанняў. Езус кажа: “Сын Чалавечы – такім выразам ён акрэсліваў самаго сябе – аддадзены будзе ў рукі людзей, і заб’юць Яго, і забіты ўваскрэсне праз тры дні” (Мк 9,31). Вучні аднак “не разумелі гэтых слоў, а спытацца Яго баяліся” (Мк 9,32).

У рэальнасці, чытаючы гэтую частку апавядання св. Марка, здаецца відавочным, што паміж Езусам і вучнямі існуе глыбокая ўнутраная дыстанцыя; яны знаходзяцца, калі так можна выразіцца, на розных частотах хваляў, і такім чынам прамовы Настаўніка не разумеліся, ці разумеліся павярхоўна. Апостал Пётр, адразу пасля таго, як прадэманстраваў сваю веру Езусу, дазволіў сябе дакараць Яго, за тое, што Хрыстус прадказваў, што павінен быць адкінуты і забіты. Пасля другога абвяшчэння мукі, вучні пачалі абмяркоўваць паміж сабой, хто з іх самы вялікі (пар Мк 9,34); а пасля трэццяга, Якуб і Ян папрасілі Езуса сесці праваруч і леваруч Яго, калі будзе ў хвале (пар. Мк 10,35-40). Але ёсць таксама іншыя знакі гэтай дыстанцыі: напрыклад, вучні не маглі аздаравіць хлопца эпілептыка, якога затым Езус аздаравіў сілай малітвы (пар. Мк 9,14-29); ці калі Езусу былі прадстаўлены дзеці, вучні дакаралі, а Езус наадварот, абураны, загадаў заставіць іх і сказаў, што толькі той, хто можа стаць як яны, здолее увайсці ў Валадарства Нябеснае (пар Мк 10,13-16).

Што нам кажа ўсё гэта? Гэта нагадвае, што логіка Бога заўсёды больш “высокая” чым наша, як адкрыў сам Бог праз вусны прарока Ісаі: “Мае думкі – не вашы думкі, / вашы шляхі – не мае шляхі” (Іс 55,8). Таму, наследаванне Пана патрабуе заўсёды ад чалавека глыбокага на-вяртання, перамены ў спосабе мыслення і жыцця, адкрыцця сэрца на слуханне, каб дазволіць асвяціць сябе і ўнутрана перамяніць. Ключавая кропка ў якой Бог і чалавек адрозніваюцца паміж сабой – гэта пыха: у Богу яе няма, бо Ён – гэта поўня, любоў і дараванне жыцця; а ў нас, людзях, наадварот, пыха, унутрана укаранёная і вымагае ад нас пастаяннага чування і ачышчэння. Мы, маленькія, жадаем здавацца вялікімі, быць першымі, у той час як Бог не баіцца прынізіцца і стаць апошнім. Панна Марыя дасканала “сінхранізавана” з Богам: звернемся да яе з даверам, каб навучыла нас верна наследаваць Езуса на шляху любові і пакоры”.

Пасля малітвы Анёл Панскі Папа прывітаў вернікаў з розных частак свету і асабліва звярнуўся да дэлегацыі італьянскіх фермераў. Папа падзякаваў ім за клопат аб навакольным асяродзі і за атрыманыя падарункі.








All the contents on this site are copyrighted ©.