2012-09-20 15:01:12

Прадстаўнік Святога Пасада выступіў у МАГАТЭ


RealAudioMP3 Прадстаўнік Каталіцкага Касцёла, арцыбіскуп Дамінік Мамбэрці прымае ўдзел у канферэнцыі Міжнароднага агенцтва па атамнай энэргетыцы (МАГАТЭ), якая праходзіць 17-21 верасня ў Вене. Яшчэ перад пачаткам форума, 15 верасня, для дыпламатаў і ўдзельнікаў канферэнцыі, была арганізавана св. Імша, якую узначаліў іерарх. У рамках самаго форума арцыбіскуп Мамбэрці выступіў з дакладам. Ён перадаў удзельнікам сустрэчы прывітанне Бэнэдыкта XVI і нагадаў аб зацікаўленасці Святога Айца, ў “спрыянні атамнаму разбраенню, а таксама мірнаму і бяспечнаму выкарыстанню атамных тэхналогій для сапраўднага развіцця, з павагай да навакольнага асяродзя і вялікай увагай да бедных народаў”.

Арцыбіскуп Мамбэрці звярнуў увагу на ўзаемазалежнасць, якая існуе паміж атамным разбраеннем і скарачэннем атамных арсеналаў з аднаго боку і культурай жыцця і міра з іншага. Пры гэтым іерарх падкрэсліў, што для дасягнення гэтых ідэалаў разбраенне павінна ажыцяўляцца “празрыстым і адказным” чынам.

Ён заклікаў міжнародную супольнасць да стварэння сістэмы эфектыўнай ліквідацыі атамнай зброі, а таксама падкрэсліў этычны аспект, які мае захоўванне і мадэрнізацыя яе арсеналаў. “Немагчыма лічыць маральна задавальняючым скарачэнне атамнай зброі, калі адначасова ідзе мадэрнізацыя яе арсеналаў, у якую ўкладаюцца вялікія сумы грошай”, - сказаў іерарх.

Арцыбіскуп Мамбэрці, адзначыў, што Апостальская Сталіца вітае Дагавор аб нераспаўсюджванні атамнай зброі, а таксама стварэнне зон свабодных ад яе на Блізкім Усходзе. Іерарх падкрэсліў, што “глабальная бяспека не можа грунтавацца на атамнай зброі”. Ён нагадаў, аб цяжкіх наступствах трагедыі на атамнай станцыі “Фукусіма” ў Японіі, але пазітыўна адзначыў праграмы МАГАТЭ па барацьбе з ракавымі захворваннямі.








All the contents on this site are copyrighted ©.