2012-09-20 12:18:55

Бэнэдыкт XVI да біскупаў: рэальнасць патрабуе добра падрыхтаваных хрысціян


RealAudioMP3 20 верасня Бэнэдыкт XVI сустрэўся з групай прызначаных ў мінулым годзе біскупаў. Яны прыбылі ў Рым, каб прыняць удзел у спецыяльным фармацыйным семінары, арганізаваным Кангрэгацыяй па справах Біскупаў. Бэнэдыкт XVI звярнуў увагу іерархаў на абавязак спрыць новай евангелізацыі і патлумачыў, што “гэта не справа толькі некаторых спецыялістаў, але ўсяго народа Божага, пад кіраўніцтвам іх пастыраў”. “Кожны вернік (...) павінен адчуваць адказнасць за абвяшчэнне і сведчанне Евангелля”, - сказаў Пантыфік. Ён расказаў, што новая евангелізацыя пачалася яшчэ пасля ІІ Ватыкансага Сабора, “які бл. Ян ХХІІІ бачыў як новую Пяцідзесятніцу”. “Эфекты гэтай новай Пяцідзесятніцы, нягледзячы на складанасці эпохі, працягваюцца, дасягаючы жыцця Касцёла ва ўсіх яго выразах: ад інстытуцыянальнага да духоўнага, ад удзелу свецкіх вернікаў ў Касцёле да росквіту харызматаў і святасці. У сувязі з гэтым мы не можам не думаць аб бл. Яне ХХІІІ і бл. Яне Паўле ІІ, шматлікіх біскупах, святарах, кансэкраваных асобах і свецкіх, якія зрабілі прыгожым аблічча Касцёла нашага часу”, - сказаў Папа.

Бэнэдыкт XVI адзначыў, што гэта спадчына даверана таксама і сучасным іерархам. Ён заклікаў іх “чэрпаць з гэтай спадчыны дактрыны, духоўнасці і святасці пры навучанні вернікаў, каб іх сведчанне было больш пераканаўчым”. Папа заахвоціў біскупаў знаёміць вернікаў з верай “у сістэматычнай і арганічнай форме, каб адказаць на пытанні, якія ставіць наш тэхналагічны і глабалізаваны свет”. “Рэальнасць у якой мы жывём патрабуе, каб хрысціяне былі моцна падрыхтаванымі!”, - сказаў Святы Айцец і дадаў, што “вера патрабуе пераканаўчых сведкаў”. Папа, адзначыў, што “нельга служыць людзям, не будучы, перш за ўсё, слугамі Бога” і заклікаў біскупаў клапаціцца аб уласнай святасці.








All the contents on this site are copyrighted ©.