2012-09-15 18:29:33

Бэнэдыкт XVI да моладзі: не ўцякайце ў паралельныя светы і шукайце сэнс свайго існавання


RealAudioMP3 Вечарам 15 верасня на плошчы перад мараніцкім Патрыярхатам у Бкерке Бэнэдыкт XVI сустрэўся з моладзю Лівана і іншых краін Блізкага Усходу. Сустрэча адбылася, у форме Літургіі Слова. Звяртаючыся да маладых людзей Папа адзначыў, што моладзь Блізкага Усходу мае гонар жыць у рэгіёне ў якім нарадзіўся Езус і развівалася хрысціянства. Гэта, паводле Святога Айца з’яўляецца “заклікам да вернасці, любові да гэтай зямлі і перш за ўсё да быцця сведкамі і пасланнікамі Хрыстовай радасці”. Папа адзначыў, што ведае аб цяжкасцях штодзённага жыцця моладзі, недахопе стабільнасці і бяспекі, беспрацоўі, адчуванні адзіноты і пакінутасці, аднак заклікаў не пакідаць свае краіны, але стаць пратаганістамі будучыні краіны і заняць сваю ролю ў грамадстве і Касцёле. Бэнэдыкт XVI падкрэсліў, што маладосць, гэта перыяд адкрыцця на вялікія ідэалы і заклікаў шукаць “таго, што прыгожае і рабіць тое, што добрае!”. Папа заахвоціў моладзі не “уцякаць у паралельныя светы” звязаныя з наркотыкамі, сумам і парнаграфіяй. “Імкніцеся жыць багаццем адносінаў і сапраўдным і шляхетным сяброўствам! Прымайце ініцыятывы, якія нададуць сэнс і карані вашаму існаванню, і будуць супрацьлеглымі павярхоўнасці і простаму спажывецтву! (...) Шукайце добрых настаўнікаў, духоўных кіраўнікоў, якія будуць здольнымі ўказаць вам шлях да сталасці, пакідаючы тое, што ілюзорнае”, - сказаў Пантыфік.

Папа заклікаў моладзь быць носьбітамі любові Хрыста, праз разважанне над Божым Словам, адкрыццё цікавасці і актуальнасці Евангелля, малітву, сакраментальнае жыццё. Паводле Святога Айца праз паглыбленне ведаў Катэхізіса, вера можа стаць па-сапраўднаму жывой і дапаможа быць сведкамі любові Божай.
Бэнэдыкт XVI сказаў, што Хрыстус заклікае моладзь наследаваць Яго праз прыняцце іншых людзей, не звяртаючы ўвагі на іх паходжанне, культуру, веравызанне. Ён заахвоціў моладзь адкрыць моц прабачэння і міласэрнасці Божай. “Прабачэнне Бога дае сілу для навяртання, а таксама радасць прабачаць іншым. Прабачэнне і прымірэнне – гэта шляхі міра, якія адкрываюць будучыню”, - сказаў Святы Айцец.

Нарэшце Пантыфік звярнуў увагу на неабходнасць разважання над Апостальскай адгартацыяй “Касцёл на Блізкім Усходзе”, якую ён падпісаў 14 верасня і рэалізацыі на практыцы указанняў, якія ў ёй змешчаны.








All the contents on this site are copyrighted ©.