2012-09-14 13:41:27

Бэнэдыкт XVI прыбыў на ліванскую зямлю


RealAudioMP3 14 верасня пачалося Апостальскае падарожжа Бэнэдыкта XVI у Ліван. Каля 13.00 самалёт са Святым Айцом на борце прызямліўся ў міжнародным аэрапорце “Rafiq Hariri” у Бейруце. Тут Пантыфіка чакалі Мараніцкі Антыяхійскі Патрыярх Бутрас Рай, прэзідэнт гэтай краіны Мішэль Сулейман са сваёй жонкай, прадстаўнікі ліванскіх свецкіх і рэлігійных уладаў, а таксама група вернікаў. Пасля прывітання з боку кіраўніка дзяржавы да сабраных звярнуўся Бэнэдыкт XVI. Папа нагадаў аб існаванні “выдатных адносін” паміж Святым Пасадам і Ліванам і аб папярэдніх сустрэчах з ліванскім лідэрам, якія праходзілі ў 2008 і 2011 г. Ён адзначыў, што ў мінулым годзе, у базыліцы св. Пятра ў Рыме, была благаслаўлена скульптура св. Марона, заснавальніка Мараніцкай Царквы, якая сведчыць аб старажытнай духоўнай спадчыне ліванцаў і іх пастаннай лучнасці з Намеснікам св. Пятра.

Бэнэдыкт XVI таксама падкрэсліў, што адной з прычын яго візіта з’яўляецца падпісанне Апостальскай адгартацыі “Касцёл на Блізкім Усходзе”. Ён адзначыў, што з радасцю вітае прадстаўнікоў Праваслаўных Цэркваў і іншых рэлігій прысутных у Ліване. “Шчаслівае сумеснае жыццё ўсіх ліванцаў, павінна паказаць усяму Блізкаму Усходу і свету, што ўнутры адной краіны, у духу братэрскага адзінства з іншымі хрысціянамі, могуць існаваць і ўзаемадзейнічаць розныя Цэрквы, якія з’яўляюцца часткай аднаго Каталіцкага Касцёла”, - сказаў Папа.

Святы Айцец адзначыў, што прыбыў, каб расказаць аб тым, наколькі важнай з’яўляецца прысутнасць Бога ў жыцці кожнага чалавека і наколькі глыбокім можа стаць сумеснае існаванне ў краіне, калі будзе укаранёным на Богу, які жадае, каб усе людзі былі братамі. Ён назваў ліванскі стыль суіснавання грамадзян розных веравызнанняў прыкладам для ўсяго свету.








All the contents on this site are copyrighted ©.