2012-09-13 12:00:51

Вядома праграма візіта Папы ў Ларэта


RealAudioMP3 12 верасня была прадстаўлена праграма візіта Бэнэдыкта ХVI у марыйны санктуарый у Ларэта. Яго Папа здзейсніць 4 кастрычніка для таго, каб даверыць Сінод Біскупаў па новай еангелізацыі і Год веры заступніцтву Божай Маці. Акрамя таго, візіт Пантыфіка прымеркаваны да 50-й гадавіны падарожжа бл. Яна ХХІІІ на цягніку ў Ларэта для таго, каб аддаць пад апеку Маці Божай ІІ Ватыканскі Сабор. Бэнэдыкт ХVI прыбудзе ў Ларэта на верталёце каля 10.00 гадзіны. Затым на плошчы перад Базылікай Святога Дома ён узначаліць св. Імшу, у якой прыме ўдзел каля 5 тыс. вернікаў. Пасля літургіі Папа сустрэнецца з кардыналамі і біскупамі рэгіёну Марке, а таксама з арганізатарамі візіту. Прылёт Святога Айца ў Ватыкан прадугледжаны позна вечарам.

Арцыбіскуп Ларэта Джаванні Танучы рассказаў, што Святы Айцец “па прыкладзе Яна ХХІІІ прынясе з сабою ў Ларэта малітвы усяго Касцёла”. На яго думку гэта пілігрымка паспрыяе паглыбленню разважанняў аб новай евангелізацыі. Іерарх падкрэсліў, што падарожжа Папы мае вялікае тэалагічнае і гістарычнае значэнне . “Візіт Яна ХХІІІ у рэгіён Марке быў першым візітам Папы за межы рэгіёна Лацыё пасля аб’яднання Італіі і даў пачатак новаму стылю працы Наступнікаў св. Пятра”, - сказаў біскуп Танучы.

Ларэта з’яўляецца адным з самых знакамітых італьянскіх санктуарыяў. Паводле традыцыі, лічыцца што менавіта ў ім захоўваецца дом, у якім жыла і сустрэлася з арханёлам Габрыэлем Найсвяцейшая Панна Марыя.








All the contents on this site are copyrighted ©.