2012-09-11 15:40:17

Катэхезы Папы аб малітве выдадзены на арабскай мове


RealAudioMP3 11 верасня ў Бейруце адбылася прэзентацыя зборніка катэхез Бэнэдыкта XVI на арабскай мове пад назвай “Малітва ў навучанні Бэнэдыкта XVI”. Выданне было падрыхтавана міжнароднай арганізацыяй “Аазіс” пры падтрымцы факультэта рэлігійных навук універсітэта св. Юзафа ў Бейруце. Гэта ўжо другое выданне катэхез Бэнэдыкта XVI на арабскай мове. У 2010 годзе былі апублікаваны катэхезы Папы прысвечаныя св. Паўлу. На старонках сённяшняга “L’Osservatore Romano” арцыбіскуп Міланcкі Анджэла Скола, падкрэсліў, што асаблівасцю катэхезаў Святога Айца з’яўляецца яго асабісты малітоўны вопыт. Іерарх выказаў надзею, што чытачы змогуць ацаніць глыбіню і багацце гэтага зборніка прысвечанага хрысціянскай малітве.

Арцыбіскуп Скола расказаў, што пры выданні катэхез Пантыфіка, існавала падвоенная матывацыя. “Па-першае, малітва, якая мае характар універсальны, можа стаць цудоўным месцам спаткання веруючых розных рэлігій. Для міжрэлігійнага дыялога, які не хоча звузіцца толькі да палітычнага разліку, гэты духоўны бок проста неабходны”, - адзначыў іерарх. Другой прычынай выдання зборніка катэхез Папы па-арабску стала актуальная сітуацыя на Блізкім Усходзе. “Неабходна спытацца ці не з’яўляецца разважанне аб малітве уцёкам ад рэальнасці. У рэальнасці гісторыя, нягледзячы на тое, што на яе ўплывае эканамічная і палітычная сітуацыя, мае сваёй прычынай перш за ўсё чалавечую свабоду. Гэта свабода структурна адкрытая на адносіны з Богам, у якім знаходзіць свой самы сапраўдны арыенцір, таксама ў адносінах да тых выклікаў, на якія заклікае адказаць”, - сказаў іерарх. Такім чынам, паводле яго, выданне разважанняў аб малітве, павінна дапамагчы глядзець на такія з’явы як выбары, эканамічны крызіс ці грамадзянская вайна, у іх поўным вымярэнні, каб мець магчымасць чытаць іх і кіраваць імі ў святле Божага плана.








All the contents on this site are copyrighted ©.