2012-09-10 13:37:36

"Чалавек у секулярным грамадстве". Пазнанне праўды пра чапавека


RealAudioMP3 Хрысціянская і секулярная культуры па-рознаму вырашаюць праблему ўзаемадзеяння цялеснасці і духоўнасці ў жыцці чалавека. Калі ў такім ключы прасачыць гісторыю чалавецтва, то можна заўважыць сярод людзей пастаяннае супрацьстаянне двух памкненняў. З аднаго боку, у кожным пакаленні ёсць нямала асобаў, якія шукаюць Бога, імкнуцца пашыраць прастору веры і духоўнасці. З другога боку, у кожным пакаленні ёсць шмат такіх, хто паддаецца спакусе секулярнасці – пашырае прастору зямнога, свецкага, адцясняе Божае і звышнатуральнае на ўзбочыну жыцця. Нават вельмі веруючыя людзі не заўсёды ўмеюць знайсці аптымальны баланс паміж імкненнем да чагосьці ўзвышанага, духоўнага і патрэбамі зямнога і цялеснага.

Хрысціянскія святыя і мысліцелі, разважаючы над гэтай разарванасцю чалавека паміж небам і зямлёй, паказвалі на Хрыста. Ён - узор і мост паяднання паміж грэшным чалавекам і святым Богам. Хрыстус гаворыць пра тое, што духоўнасць і цялеснасць – гэта часткі аднаго цэлага – чалавечай асобы, а не нейкія супрацьлеглыя элементы.

У сваю чаргу язычніцкія мысляры часта супрацьстаўлялі два пачаткі ў чалавеку. Гэтае супрацьстаянне яны лічылі непераадольным. Такое песімістычнае бачанне чалавечай натуры нарадзіла ў практыцы дзве крайнія паставы адносна чалавека: або пагарду да цела, або пагарду да духа. Адгалоскі гэтага паганскага светапогляду можна знайсці не толькі ў сучаснай масавай культуры, але нават сярод хрысціянаў. Яны выражаюцца ў пагоні за пачуццём цялеснага задавальнення праз спажывецкасць, эратаманію, алкагалізм, наркаманію. Выкарыстанне цела для максімальнага пачуцця задавальнення прыводзіць у выніку да глыбокай пагарды ўсяго чалавека.

У па-захрысціянскім свеце існуе таксама іншы погляд на духоўнасць і цялеснасць чалавека. Паводле яго існуе магчымасць прымірэння гэтых нібыта супрацьлеглых і пастаянна канкуруючых паміж сабой элементаў. Прыхільнікі гэтага погляду абвяшчаюць лозунг “адзінства ў супрацьстаянні”. Варта адзначыць, што многія вернікі таксама захапляюцца гэтым светапоглядам, разглядаючы яго як вучэнне аб гармоніі. Многія нават не падазраюць, што ён супярэчыць хрысціянскаму веравучэнню.

Ідэалогія адзінства супрацьлегласцей вельмі выразна прапагандуецца праз сучасныя найбольш касавыя кінафільмы. У іх барацьба дабра і зла, цела і духа адлюстроўваецца як супрацьстаянне элементаў роўных па моцы і маральнай вартасці. Дабро паказваецца як нічым не лепшае за зло, а зло – нічым не горшае за дабро. Такая канцэпцыя дабра і зла, душы і цела ідэальна адпавядае сучаснай ліберальнай ідэалогіі, якая прапагандуе безкантрольную свабоду. А прыхільнікі секулярызма выкарыстоўваюць усе гэтыя ідэі ў змаганні з рэлігіяй і імкненні засяродзіць чалавека на цялесным.

Касцёл не згаджаецца з роллю пасіўнага сузіральніка таго, як секулярная культура нішчыць цэлыя грмадствы. Ён не перастае даносіць да чалавека XXI стагоддзя Евангельскую праўду пра тое, што цялеснасць і духоўнасць чалавека – гэта дар, а не інструмент, які можна выкарыстоўваць і маніпуляваць. Папа Бэнэдыкт XVI ў сваіх шматлікіх пасланнях не перастае нагадваць хрысціянам аб небяспецы пагоні за новымі ідэямі і праектамі прыдуманымі людзьмі. Трэба з вялікай уважлівасцю пахіліцца над вечна актуальным і праўдзівым Словам Бога, якое Ён кіруе да кожнага чалавека.

Секулярная культура не зацікаўленая ў тым, каб казаць людзям праўду. Ідэолагі свецкасці ўпарта не згаджаюцца з рэальнасцю і робяць усё для рэалізацыі свайго праекта па вынішчэнні рэлігіі і пабудаванні свету, дзе нейкі чалавек сядзеў бы на троне Бога. Пагэтаму робіцца ўсё, для таго, каб зацыкліць людзей на зямным і цялесным. А калі не ўдаецца знішчыць духоўнае жыццё, то ўзамен прапаноўваюцца падробкі – псеўдадухоўнасці пад заказ.

На фоне агрэсіўнага насаджэння секулярных псеўдакаштоўнасцей, праніжаючых як цялеснасць, так і духоўнасць чалавека, становіцца відавочным, што сучаснаму католіку трэба моцна прыхіліцца да Бога і Яго навучання. Важна адкрыць і дзяліцца з іншымі адвечнай Божай праўдай пра святасць і годнасць духоўнага і цялеснага жыцця чалавека як асобы.

Асабліва цяпер, у верасні, ёсць цудоўная нагода распачаць паглыбленне сваёй веры і ведаў. Пры кожнай каталіцкай парафіі арганізоўваюцца самыя разнастайныя навучальныя курсы, спатканні, групы. Усё гэта адкрывае перад хрысціянамі рэальную магчымасць пазнаць Божую праўду аб свеце і чалавеку. Трэба толькі захацець прыйсці ў Касцёл, пачаць наведваць катэхезы, каб адкрыць для сябе невычэрпную крыніцу вечнай і адзіна праўдзівай Мудрасці Бога.








All the contents on this site are copyrighted ©.