2012-09-10 13:28:45

Магніфікат-2012: не толькі глядзець, але і бачыць


RealAudioMP3 Не толькі глядзець, але і бачыць – сэрцам, душой – заклікаюць кінематаграфісты. Сёння VIII Фестываль хрысціянскіх фільмаў і тэлеперадач “Магніфікат-2012», які распачаўся 9 верасня ў Мінску, пераехаў у Глыбокае Віцебскай вобласці. Менавіта тут пройдуць асноўныя прагляды. А ў нядзелю на св. Імшы ў мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі сабраліся арганізатары і ўдзельнікі форума. Яго геаграфія павялічваецца з кожным годам – на гэты раз упершыню прадстаўлены Азербайджан і Бельгія. А ўвогуле нітка краін цягнецца ад Атлантычнага акіяну да Чорнага мора, праз Беларусь, канешне. Прывітальнае слова да прысутных скіраваў арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроці, Апостальскі нунцый у Беларусі. Ён прызнаўся, што ўбачыўшы праграму фестывалю, быў уражаны. Сёння, як кажуць, у трэндзе – фільмы аб забойствах, здрадах – гэта тое, што адлюстроўвае “цёмны” бок чалавечага жыцця. Стужак хрысціянскіх – меньшасць, сярод рэжысёраў існуе пэўная сарамлівасць паказваць сваю веру праз мастацтва. Але толькі не на “Магніфікаце”.

На конкурс былі адабраны лепшыя з лепшых. Усяго больш за 40 карцін – 38 дакументальных і 6 анімацыйных стужак. Гэта розныя па жанру і зместу фільмы – падчас, кардынальна. Але аб’ядноўвае іх адно – яны маюць сваю місію. Трэба адыходзіць ад штампаў у фільмах такога характару, здымаць кіно не толькі пра хрысціян і для хрысціян, кажа манахіня Сафія Ешчанка – прэзідэнт міжнароднага праваслаўнага кінафестывалю “Встреча” з Расіі. Бо сёння часта атрымоўваецца так, что попыт гледачоў і прапанова рэжысёраў разыходзяцца.

“Гэтыя фільмы пра людзей, якія здейснілі ў сваім хрысціянскім жыцці нешта для іншых. Такіх фільмаў шмат. І каталіцкі, і праваслаўны кінематограф мае шмат фільмаў-партрэтаў. Іншая справа, што гледачам не заўсёды яны патрэбны, ім патрэбна тое, што ім бліжэй. Вялікая папулярнасцю карыстаюцца фільмы пра паломніцкія падарожжы, пра манастыры, пра цуды.”

І на самой справе, менавіта іх абмяркоўваюць на форумах, у блогах. Але арганізатары “Магніфікату” упэўнены – у хрысціянскага кіно ёсць будучыня. За ўсе 8 гадоў існавання фестывалю Крыстына Лялько, старшыня сёлетнега журы, не бачыла пустых залаў.

“Я бачу, як прыходзяць людзі, бачу, як глядзяць гэта кіно. Ведаеце, не толькі журы яго глядзіць. І з кожным годам цікавасць менавіта да хрысціянскіх фільмаў узрастае, і рэха фестывалю разыходзіцца, і больш гледачоў далучаецца”.

Фестываль “Магніфікат” – унікальны ў сваім родзе. Тут збіраюцца прадстаўнікі розных хрысціянскіх канфесій. Форум, адзначыў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрарапаліт Мінска-Магілёўскі, будуе мост паміж людзьмі.

“Трэба несці хрысціянскія каштоўнасці ў сучасны свет. Мы бачым, як людзі жывуць быццам бы Бога не існавала ніколі, нават веруючыя людзі кажуць “Евангелле – не для мяне, гэта для мяне цяжка”. Людзей у нашых касцёлах сапраўды шмат, у цэрквах таксама, але мы ведаем, што дзякуючы тэлебачанню, кіно, інтэрнэнту значна больш людзей могуць прыйсці да Бога”.

А кінафестываляў, якія прыводзяць да Бога, у свеце застаецца усё менш і менш. Напрыклад, Венецыянскі – “залатыя львы” знайшлі сваіх уладальнікаў два дні таму. Вынік – дзве статуэткі і спецпрыз журы атрымалі стужкі не проста антырэлігійныя, скандальныя – супраць адной ужо паданы іск за абразу пачуццяў вернікаў. Куды ідзем? – пытанне рытарычнае. Але можна быць упэўненым, што 13 верасня на фестывалі “Магніфікат-2012” адзначаць фільмы, якія можна не проста глядзець, з дапамогай якіх можна бачыць.







All the contents on this site are copyrighted ©.