2012-09-08 14:41:35

Пасланнік Папы на ўрачыстасцях ў Львове


RealAudioMP3 8 верасня кардынал Юзэф Томка прыняў удзел у святкаванні 600-годдзя заснавання Львоўскай архідыяцэзіі і мітраполіі лацінскага абраду. Іерарх, у якасці спецыяльнага пасланніка Папы, прывітаў удельнікаў урачыстасцяў падчас св. Імшы ў катэдральным касцёле Львова. Затым ён прыняў удзел у працэсіі ў гонар былога арцыбіскупа Львоўскага бл. Якуба Стрэпа. У сваёй гаміліі, звяртаючыся да вернікаў, былы прэфект Кангрэгацыі Евангелізацыі Народаў перадаў ім прывітанні Пантыфіка, а таксама звярнуў увагу на тое, што юбілей Львоўскай мітраполіі адзначаецца 8 верасня – у свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі. Ён адзначыў, што гэта свята з’яўляецца “надзеяй для ўсяго свету”, бо нагадвае аб міласэрнасці Бога, які праз Марыю паслаў надзею сярод цемры, якая накрыла чалавецтва пасля першароднага граху. Паводле іерарха пасля нараджэння Езуса Хрыста “ў свеце не было больш важнага і каштоўнага нараджэння”, чым Найсвяцейшай Панны Марыі.

Кардынал Томка адзначыў, што юбілей заснавання Львоўскай архідыяцэзіі павіннен паспрыяць ажыўленню больш глыбокага духоўнага жыцця, неабходнага для сведчання веры ў публічнай сферы. “Усё гэта павінна умацаваць нас і дазволіць Марыі увайсці ў нашы сэрцы, нашы дамы і сем’і, каб там яна панавала з любоўю чыстай і сапраўднай”, - сказаў іерарх. Такім чынам, паводле пасланніка Папы, яны змогуць стаць месцамі “дзе нараджаецца і ўзрастае жыццё, дзе дзеці будуць навучаны адвазе веры, малітве, працавітасці і сумленнасці”.

“Да гэтай малітвы і пажаданняў далучаецца папа Бэнэдыкт XVI”, - падкрэсліў іерарх, нагадаўшы, што мэта святкаванняў юбілею заключаецца ў тым, каб “дзякаваць, маліцца і прасіць прабачэння ў Бога”. “Перш за ўсё хочам праславіць Бога за ўсе тыя благаслаўленні, якія архідыяцэзія атрымала на працягу 600 гадоў. Яе будучыню мы давяраем асаблівай абароне Нябеснай Маці”, - сказаў кардынал Томка.








All the contents on this site are copyrighted ©.