2012-09-06 17:29:21

Архімандрыт Сяргей Гаек – прадстаўнік Беларусі на Марыялагічным кангрэсе


RealAudioMP3 У працы 23-га Міжнароднага марыялагічнага кангрэса, які праходзіць 4-9 верасня ў Рыме, прымае ўдзел прадстаўнік Беларусі, Апостальскі візітатар для грэка-католікаў у нашай краіне архімандрыт Сяргей Гаек. Ён завітаў у нашу студыю каб расказаць аб працы гэтага форума. Вітаю вас, архімандрыт Сяргей! Раскажыце калі ласка ў чым асаблівасць сёлетняга кангрэса і на якая тэма падчас яго абмяркоўваецца?

Сапраўды гэта 23-і Міжнародны кангрэс марыялагічны і марыйны. Гэта значыць што ў першай яго частцы, у якой прымаюць удзел навукоўцы, багасловы, гісторыкі, абмяркоўваецца развіццё марыйнага культа ў розных краінах свету. Тэма форума ў гэтым годзе – развіццё марыйнага культа пасля ІІ Ватыканскага Сабора, бо зараз мы адзначаем 50 гадоў пасля гэтай вялікай падзеі. Як вядома, у дагматычнай канстытуцыі аб Касцёле ёсць раздзел прысвечаны Маці Божай. Таму гэта натуральна, што ўдзельнікі кангрэса абмяркоўваюць развіццё марыйнага культа пасля той вялікай падзеі якой быў ІІ Ватыканскі Сабор. Другая, фінальная частка форума, будзе ўяўляць з сябе святкаванне з удзелам шматлікіх пілігрымаў з розных краін свету. Усё гэта адбываецца ў сядзібе Папскай міжнароднай марыялагічнай акадэміі, сябрам-карэспандэнтам якой я з’яўляюся. А ў касцёле св. Антонія, недалёка ад базыліцы св. Яна на Латэране, у суботу і нядзелю пройдуць малітоўныя сустрэчы.

Архімандрыт Сяргей, раскажыце як праходзіць праца кангрэса?

Кангрэс праходзіць кожныя чатыры гады. На ім збіраюцца прадстаўнікі розных краін свету. Іх вельмі шмат. Абмеркаванні праходзяць у працоўных групах на розных мовах (не толькі на афіцыйных мовах кангрэса, такіх як француская, англійская, італьянска ці нямецкая). Тут вельмі дынамічныя харвацкая, славенкая групы ці польскамоўная, у якой прымаюць удзел не толькі навукоўцы з Польшчы, але ўсе хто разумее па-польску, напрыклад славакі. Ёсць таксама две французскія групы, адна з якіх афрыканская. У ёй удзельнічаюць прадстаўнікі Усходніх Цэркваў – з Эфіопіі і Егіпта. Я хачу падкрэсліць, што сярод сяброў-карэспандэнтаў Марыялагічнай акадэміі ёсць шмат прадстаўнікоў Усходніх Цэркваў. Асабліва на форуме адчуваецца прысутнасць ліванскіх багасловаў. Я узгадваю пра Ліван, бо Папа хутка збіраецца наведаць там адзін з марыйных санктуарыяў.

Дзякую за гэту размову. Жадаю вам поспехаў у справе пашырэння культа Найсвяцейшай Марыі і плённай душпастрыскай дзейнасці.








All the contents on this site are copyrighted ©.