Бэнэдыкт XVI перад “Анёл Панскі” аб небяспецы фальшывай рэлігійнасці
2 верасня Бэнэдыкт
XVI сустрэўся з вернікамі на традыцыйнай малітве “Анёл Панскі”. Яна прайшла на плошчы
перад Апостальскім палацам летняй рэзідэнцыі Рымскіх Пантыфікаў у Кастэль Гандольфа.
Разважаючы над евангельскім фрагментам, які чытаецца падчас сённяшняй літургіі, Папа
падкрэсліў, што часта Божы Закон не з’яўляецца для людзей важным, жыццёвым правілам;
але становіцца больш знешняй абалонкай. Таму Святы Айцец нагадаў аб небяспецы фальшывай
рэлігійнасці і заклікаў вернікаў маліцца, каб Слова Божае штодзённа кіравала іх думкамі,
выбарамі і учынкамі. “Дарагія браты і сёстры! – прывітаў вернікаў Папа – У літургіі
гэтай нядзелі ўздымаецца тэма Закона Божага, яго запаведзяў: самага важнага элемента
яўрэйскай рэлігіі, а таксама хрысціянства, які знаходзіць сваё спаўненне ў любові
(пар. Рым 13,10). Закон Божы – гэта Яго Слова, якое вядзе чалавека па жыццёвым шляху,
дае яму магчымасць выйсці з рабства эгаізма і ўводзіць у “зямлю” свабоды і жыцця.
Таму ў Бібліі Закон не бачыцца як цяжар, прыгнятаючае абмежаванне, але як самы каштоўны
дар Бога, сведчанне Яго бацькоўскай любові, Яго жадання быць блізка да свайго народа,
быць яго Саюзнікам і з яго дапамогай пісаць гісторыю любові. Так маліўся пакорны ізраіліцянін:
“У Тваіх пастановах – маё захапленне, не забуду Твайго слова. (...) Вядзі мяне сцежкамі
Тваіх запаведзяў, бо ў іх маё шчасце” (Пс 119,16.35). У Старым Запавеце, той, хто
ў імя Бога перадаў Закон народу – гэта Майсей. Ён, пасля доўгага вандравання па пустыні,
каля парогаў абяцанай зямлі, казаў так: “Зараз, Ізраэль, паслухай закон і правілы,
якім я цябе навучу, каб імі жыць, і такім чынам авалодаць зямлёй, якую Пан, Бог вашых
Айцоў, вам дае” (Дрг 4,1).
Вось у чым праблема: калі народ пасяліўся на зямлі,
ён адкінуў Закон і спрабаваў запэўніць сябе бяспеку і радасць тым, што не было больш
Словам Божым: дабротамі, уладай, іншымі “бажкамі”, якія ў рэчаіснасці былі пустымі
ідаламі. Канешне, Закон Божы застаўся, але не з’яўляўся больш нечым важным, жыццёвым
правілам. Ён стаў знешняй абалонкай, пакрыццём, у той час як жыццё ішло па іншай дарозе,
іншым правілам, часта эгаістычным індывідуалістычным ці групавым інтэрэсам. У такім
выпадку рэлігія губляе свой сапраўдны сэнс, які заключаецца ў тым, каб жыць слухаючы
Бога і выконваючы Яго волю. Часта рэлігія абмяжоўваецца практыкаваннем другасных звычаяў,
які задавальняюць перш за ўсё патрэбу чалавека адчуваць сябе ў парадку перад Богам.
У гэтым заключаецца вялікая рызыка кожнай рэлігіі, якую Езус раскрыў у свой час, але
якую, нажаль, можна таксама ўбачыць, у хрысціянстве. Таму словы Езуса ў сённяшнім
Евангеллі, скіраваныя супраць кніжнікаў і фарысеяў павінны таксама і нас прымусіць
задумацца. Езус робіць сваімі словы прарока Ісаіі: “Гэты народ шануе Мяне вуснамі,
а сэрца іх далёка ад Мяне. Але дарэмна ўшаноўваюць Мяне, навучаючы людскім запаведзям”
(Мк 7, 6-7; пар Іс 29,13). І затым кажа: “Бо вы пакінулі запаведзь Божую, а трымаецеся
чалавечай традыцыі” (Мк 7,8).
Таксама і апостал Якуб, у сваім Пасланні, звяртае
ўвагу на небяспеку фальшывай рэлігійнасці. Ён пісаў хрысціянам: “Будзьце ж выканаўцамі
слова, а не толькі слухачамі, якія падманваюць саміх сябе” (Як 1,22). Панна Марыя,
да якой зараз звернемся ў малітве, няхай дапаможа нам з адкрытым і шчырым сэрцам слухаць
Слова Божае, каб яно штодзённа кіравала нашымі думкамі, выбарамі і учынкамі”.
Пасля
заканчэння малітвы “Анёл Панскі” Папа традыцыйна прывітаў сабраных пілігрымаў на розных
мовах свету. Святы Айцец асабліва прывітаў вернікаў з Лівана, запэўніў іх у сваёй
малітве і адзначыў, што вельмі рады хутка наведаць іх краіну. Апостальскае падарожжа
Папы ў Ліван пройдзе 14-16 верасня.