2012-09-01 14:24:44

Пакістан: сітуацыя хрысціян становіцца больш небяспечнай


RealAudioMP3 Сітуацыя хрысціянскай меншасці ў Пакістане працягвае станавіцца ўсё больш небяспечнай. У хрысціянскім раёне ў Карачы, у выніку нападу групоўкі ісламскіх экстрэмістаў быў забіты адзін малады чалавек і яшчэ два атрымалі раненні. Аб гэтым расказаў агенцтву “Fides” кс. Марыё Радрыгез, дырэктар аддзела Папскіх місійных ініцыятываў у Пакістане. Ён адзначыў, што у раёне Эса Нагры, у якім адбылося забойства хрысціяніна, пражывае каля 50 тыс. вызнаўцаў Хрыста. Яны жывуць у стане крайняй беднасці і не маюць нават самых элементарных бытавых умоваў. Акрамя таго, у гэтым раёне Карачы дзейнічае 15 хрысціянскіх святынь, якія прыналежаць розных канфесіям і супольнасцям і розныя грамадскія арганізацыі, што клапоцяцца аб адукацыйнай, сацыяльнай і эканамічнай дапамозе мясцовым жыхарам.

Паводле інфармацыі, якая паступае з Пакістана, яны ўжо некалькі разоў за мінулы год сталі ахвярамі нападаў ісламскіх экстрэмістаў. 29 жніўня хрысціяне выйшлі на мірную дэманстрацыю, каб патрабаваць абароны ад уладаў, але былі разагнаны паліцыяй, якая выкарыстоўвала слезацечны газ і моцна параніла пратэстанскага пастыра і аднаго маладога хрысціяніна. Яны да сённяшняга дня знаходзяцца ў шпіталі. Паводле грамадскіх арганізацый, паліцыя замест таго каб шукаць нападаючых на хрысціян, арыштавала каля дзесятка вызнаўца Хрыста.

На хрысціян у Карачы нападаюць члены банд і тэрарыстычных ісламскіх груповак і прымушаюць іх плаціць асаблівы налог “Джызія”, які паводле шарыяту, накладаецца на немусульманскія меншасці. Тэрарысты перыядычна і безнаказана пагражаюць хрысціянам, выкрадаюць і збіваюць людзей.

У сталіцы Пакістана, Ісламабадзе ужо больш чым два тыдні застаецца ў турме 11-гадовая хрысціянская дзяўчынка з псіхічнымі праблемамі, абвінавачаная ў “блюзнерстве” бо ў яе былі знойдзены вырваныя старонкі з Карана.








All the contents on this site are copyrighted ©.