2012-09-01 13:50:38

Кардынал Бёрк: новая евангелізацыя павінна вярнуць павагу да кананічнага права


RealAudioMP3 Паўсюднае слабое веданне і грэбаванне нормамі кананічнага права наносіць Касцёлу вялікія шкоды, а новая евангелізацыя немагчыма без надання касцёльнаму праву, яго асаблівай ролі. Аб гэтым расказаў кардынал Раймонд Бёрк, прэфект Найвышэйшага Трыбунала Апосталькай Сігнатуры падчас кангрэса кананістаў, які адбыўся ў сталіцы Кеніі Найробі.Іерарх узгадаў, што сам, будучы клерыкам і маладым ксяндзом быў сведкам паўсюднага адмаўлення некаторых нормаў кананічнага права ў Касцёле з прычыны кепскага разумення ІІ Ватыканскага Сабору. “Існаванне Кодэкса лічылася прыцісненнем і абмежаваннем для душпастырскай працы”, - сказаў іерарх. На яго думку многія наступствы такіх адносін засталіся і сёння і часта праяўляюцца ў розных сферах касцёльнага жыцця: літургіі, катэхізацыі ці манаскім жыцці. Ён падкрэсліў, што грэбаванне нормамі кананічнага права паўплывала на з’яўленне скандалаў звязаных з сексуальнымі злоўжываннямі ў Касцёле. Кардынал Бёрк адзначыў, што Касцёл быў прыгатаваны да такіх выпадкаў і меў адпаведныя прававыя нормы, якія проста было неабходна своечасова выкарыстаць.

Ён нагадаў, што аб небяспецы грэбавання кананічным правам папярэджваў яшчэ Павел VI, які казаў, што гэта не мае нічога супольнага з духам ІІ Ватыканскага Сабора. “Сёння, адраджэнне Касцёла дзякуючы новай евангелізацыі павінна таксама вярнуць павагу да кананічнага права. Перш за ўсё яно павінна тычыцца літургічных нормаў, бо яны бароняць тое, што з’яўляецца самым святым у Касцёле”, - сказаў ватыканскі іерарх.








All the contents on this site are copyrighted ©.