2012-08-31 13:40:49

Бэнэдыкт XVI заклікае маліцца за палітыкаў


RealAudioMP3 Бэнэдыкт XVI заклікае вернікаў на працягу верасня маліцца, “каб палітыкі заўсёды дзейнічалі сумленна, цэласна і з любоўю да праўды”. Гэтыя тры цноты, з’яўляюцца вельмі важнымі для людзей, ад якіх залежыць жыццё народаў, лічыць старшыня Камісіі па пытаннях сацыяльнай сферы і працы італьянскага епіскапата арцыбіскуп Джанкарла Брыганціні. У інтэрв’ю нашаму радыё іерарх патлумачыў, што “сумленнасць азначае здольнасць мець адкрытае сэрца”, “цэласнасць – гэта паслядоўнасць ад пачатку да канца, з раніцы да вечара, ва ўсе дні тыдня”, а “праўда – гэта каштоўны аспект прысутны як ў цэласнасці так і ў сумленнасці, а таксама здольнасць уздымацца да вышыняў”. Іерарх нагадаў заклік Бэнэдыкта XVI аб патрэбе ў “новым пакаленні свецкіх католікаў у палітыцы”. Ён адзначыў, што гэта неабходнасць з’яўляецца тэрміновай на самых розных узроўнях палітычнага жыцця: гарадскім, раённым, абласным і нарэшце нацыянальным.
“Я думаю, што самым важным укладам будзе жыццёвая паслядоўнасць. Затым, валоданне высокімі ідэаламі і адчуваннем супольнага дабра. Гэта патрабуе самаахвярнасці, падрыхтаванасці, сумленнасці, патрабуе перш за ўсё жадання дзейнічаць уключыўшыся ўнутр нашага жыццёвага досведу, жыццёвага патоку. Неабходна, каб хрысціяне не баяліся, не ўцякалі, не закрывалі свае сэрцы, але былі здольнымі уключыцца ў жыццё, у гісторыю. Мы вельмі гэтага патрабуем”, - адзначыў іерарх.
Арцыбіскуп Брыганціні адзначыў, што асаблівай увагі патрабуе моладзь і праблемы з якімі яна сустракаецца, каб не дапускаць рызыкі моладзевых паўстанняў, якія адбыліся ў некаторых краінах. “Праблемы моладзі ачышчаюць палітыку і разам з тым умацоўваюць яе, а палітыка павінна адказваць на драму моладзевай рэчаіснасці”, - адзначыў італьянскі іерарх.








All the contents on this site are copyrighted ©.