2012-08-30 10:39:20

Нунцый у Сірыі маліўся ў мячэці аб міры


RealAudioMP3 Вечарам 29 жніўня Апостальскі нунцый у Сірыі арцыбіскуп Марыё Дзэнары наведаў мячэць у Амаядзі ў Дамаску – месцы дзе захоўваюцца рэліквіі св. Яна Хрысціцеля. Гэты святы, успамін мучаніцтва якога адзначаўся ўчора, шануецца прадстаўнікамі трох монатэістычных рэлігій: хрысціянства, іслама і іўдаізма. Ватыканскі дыпламат прыняў удзел у супольнай малітве аб міры ў Сірыі разам з хрысціянскімі і мусульманскімі вернікамі. “Мы павінны, у такой складанай сітуацыі, спадзявацца на асаблівую зброю. Мы бачым па тэлебачанні выявы той зброі, якая разбурае і чыніць зверствы, але мы хрысціяне, усе вернікі, маем зброю асаблівую – малітву”, - сказаў арцыбіскуп Дзэнары у інтэрв’ю нашаму радыё. Ён расказаў, што ў некаторых сірыйскіх парафіях вернікі маюць асаблівыя малітвы аб міры ў краіне, з якімі штодзённа звяртаюцца да Бога.

Дыпламат таксама звярнуў увагу неабходнасць прысутнасці міжнароднай супольнасці ў Сірыі. “Мы бачым кровапраліццё і многія непрымальныя рэчы. Спадзяюся, што міжнародная супольнасць выявіць гэтыя раны, якія з’явіліся на целе ўсяго чалавецтва, а не толькі Сірыі”, - адзначыў ён. Арцыбіскуп патлумачыў, што неабходна з дапамогай незалежнага раследвання знайсці адказных за злачынствы здзейсненыя падчас канфлікту і “шмат зрабіць, каб прымусіць змоўкнуць зброю і вызваліць слова”. На яго думку для многіх краін Блізкага Усходу важнай стала атрыманая свабода слова, якая спрыяе развіццю дыялога, дэбатаў і дае магчымасць дзя дыскусіі і параўнання пазіцый.








All the contents on this site are copyrighted ©.