2012-08-30 10:32:51

Англійскі біскуп: Паралімпіяда – магчымасць святкаваць чалавечнасць


RealAudioMP3 Паралімпіяда з’яўляецца не толькі спартыўным мерапрыемствам, але таксама вялікай магчымасцю для таго, каб святкаваць чалавечнасць. Аб важнасці духоўнасці ў гэтай падзеі ў інтэрв’ю нашаму радыё расказаў біскуп Брэнвудскі Томас Маккахан. Менавіта на тэрыторыі яго дыяцэзіі знаходзяцца спартыўныя комплексы у якіх праходзіць лонданская Паралімпіяда.Іерарх адзначыў, што гэта мерапрыемства для многіх з’яўляецца стымулам для таго, каб перамагчы ўласныя абмежаванні. Таму яно нясе ў сабе глыбокае натхненне.

Біскуп расказаў таксама, што Касцёл у Лондане вядзе шырокую працу сярод людзей з абмежаванымі магчымасцямі. “У нашай дыяцэзіі ёсць святар, які клапоціцца менавіта аб інвалідах – людзях рознага ўзросту з асаблівымі цяжкасцямі. Ён арганізуе для іх канікулы, суправаджае падчас штогадовых пілігрымак у Лурд, а яны, са свайго боку, стымуліруюць іншых людзей”, - расказаў біскуп Маккахан.

Іерарх выразіў спадзяванне, што падчас Паралімпійскіх гульняў у Лондане духоўны аспект злучыцца з фізічным. “Ян Павел ІІ шмат казаў аб тэалогіі цела і інтэграцыі паміж фізічным і духоўным вымярэннем. Так як мы паяднаныя ў нашым супольным паходжанні – якое заключаецца ў падабенстве на Бога – мы таксама паяднаныя ў нашай дзейнасці дзеля поўнага выкарыстання нашага патэнцыяла. “Я заўсёды кажу, што мы ўсе перш за ўсё пакліканы несці факел, а не перамагаць. Жыццёвае спаборніцтва – не для пераможцаў, а для тых, хто стаў на яго шлях!”, - сказаў англійскі іерарх.








All the contents on this site are copyrighted ©.