2012-08-28 12:57:25

Копія статуі Хрыста Збаўцы будзе вандраваць па свеце


RealAudioMP3 29-31 жніўня на плошчы перад парыжскім катэдральным касцёлам Нотр-Дам будзе знаходзіцца амаль чатырохметровая копія статуі Хрыста Збаўцы з распрасцёртымі рукамі – славутага сімвала Рыа-дэ-Жанейра. Менавіта гэты горад прыме ў 2013 г. каля 2 млн. удзельніках Сусветных дзён моладзі, а статуя будзе нагадваць людзям розных культур аб гэтым моладзевым форуме. Статуя Хрыста Збаўцы, якая 12 кастрычніка 2011 г. адзначыла сваё 80-годдзе была абрана ў якасці “пілігрыма супакою”. Яе паменшаныя копіі будуць “вандраваць” па розных частках свету. Яна мае 3,8 м у вышыню і была зроблена скульптарам Адзілонам Лімам і майстрамі з Рыа. Пасля Парыжа, статуя будзе выстаўлена ў канадскім Таронта, затым у японскім Токіа і мазамбікскім Мапута. Благаславіць яе дапаможны біскупа Парыжа Эрык дэ Мулін-Бефо ў прысутнасці рэктара санктуарыя Хрыста Збаўцы а. Амара Рапоса. “Хрыстус з распрасцёртымі рукамі з’яўляецца самым галоўным сімвалам Рыа-дэ-Жанейра і выходзіць насустрач турыстам, пілігрымам розных культур і краін паходжання, паказваючы што Рыа – гэта адкрыты і гасцінны горад”, - прыводзіць словы а. Рапоса агенцтва “SIR”.








All the contents on this site are copyrighted ©.