2012-08-27 12:25:05

Біскупы ЗША адносна выбарчай кампаніі


RealAudioMP3 Канферэнцыя біскупаў ЗША выдала спецыяльныя рэкамендацыі для ўсіх каталіцкіх структур краіны – ад дыяцэзіяльных прадстаўніцтваў да парафій, рухаў і асацыяцый аб стаўленні да выбараў кандыдатаў на пост прэзідэнта краіны. У дакуменце ўказваецца на ўніверсальнае вымярэнне Касцёла, што вызначае неабходнасць заўсёды кіравацца як рэлігійным дзеячам, так і свецкім вернікам, не партыйнымі інтарэсамі, але агульнай карысцю для ўсяго грамадства.
”Хаця і важна яскрава ўсведамляць, чаго мы не можам рабіць, яшчэ больш важна , што мы можам і павінны рабіць: спрыяць дэмакратыі, любіць бліжняга і клапаціцца пра найслабейшых і пакінутых паміж намі”,- пішуць біскупы ў сваім звароце. У ім дэталёва распрацаваны формы паводзінаў у даволі частых выпадках. Рэкамендавана абсалютна адмаўляць просьбам кандыдатаў ці палітычных груп выступаць са сваімі праграмамі ў касцёле, распаўсюджваць праз парафіі ці падчас каталіцкіх мерапрыемстваў прапагандысцкія матэрыялы.
Асаблівы заклік іерархі скіравалі да свецкіх католікаў, заангажаваных у парафіяльнай працы, каб дзейнічалі ў адпаведнасці з сацыяльным каталіцкім навучаннем Касцёла ў рамках яго стаўлення “да суадносін хрысціянскай веры і палітычнага жыцця: палітычная адказнасць за жыццё, правы чалавека, справядлівасць і мір павінны быць як найбольш эфектыўна пашыраны”, - адзначаецца ў рэкамендацыях амерыканскіх біскупаў. Галоўнай задачай католікаў у выбарчай кампаніі, якая ўсё больш распальваецца ў ЗША, біскупы называюць актыўнае дзеянне для павышэння роўнасці ў грамадстве, дзеля агульнага дабра ў служэнні чалавеку.








All the contents on this site are copyrighted ©.