Каталіцкія журналісты хочуць стварыць стратэгічны план развіцця сваіх СМІ ў Беларусі
Ад тэорыі да практыкі.
Сёння на І Кангрэсе каталіцкіх СМІ ў Гродне быў апошні дзень. Удзельнікі падвялі вынікі
і акрэслілі адзіныя напрамкі далейшага развіцця каталіцкіх медыя. Аднак многія з журналістаў
ўжо ўзялі для сябе нейкія дзейсныя прыёмы і практычныя парады сваіх калег, якія, магчыма,
будуць пастаянна выкарыстоўваць у сваёй будучай працы. Учора, напрыклад, вопытам
дзялілася Алена Кулыгіна – рэдактар інфармацыйна-хрысціянская службы Украіны. Свой
даклад яна прысвяціла PR-у – ці можа інструменты “паблік рэлэйшнс” выкарыстоўваць
Касцёл? Журналіст адразу сфармулавала паняцце піару, які часта ўспрымаюць менавіта
з прыстаўкай “чорны”. Аднак на самой справе – гэта дэфініцыя прапаганды, а піар –
гэта актыўны дыялог з грамадствам, гатоўнасць прыўносіць у яго хрысціянскія каштоўнасці,
каб зрабіць вобраз Касцёла падобным да вобразу Хрыста.
Дрэнныя весткі самі
знаходзяць дарогу ў СМІ і хутка перадрукоўваюцца, а як пракласці дарогу добрым навінам
Касцёла – задача як раз піару. Тое, што медыя – адзіны канал паміж Касцёлам і грамадствам
– ужо прапісана ў шматлікіх касцёльных дакументах, аднак не ўсе гэта ведаюць і тым
больш выкарыстоўваюць. Вось яшчэ благаслаўлёны Ян Павел ІІ параўнаў Касцёл у адносінах
да медыя з домам са шкла, да якога прыдуць журналісты і пачнуць заглядаць у вокны.
Але Касцёл не павінен баяцца гэтага назірання.
Майстар-клас правёў таксама
Павел Левушкан – кіруючы партнёр Цэнтра эфектыўных камунікацый. Ён звярнуў увагу на
тое, што сёння запатрабавана не простая інфармацыя, а гісторыя жыцця чалавека. І гэта
моцны бок хрысціянскай журналістыкі. Але паўстае праблема – калі мы расказваем гісторыі,
то робім гэта нудна. Каталіцкі і хрысціянскі блогер мае неабмежаваныя магчымасці адносін
са знешнім светам, выйсця са свайго гетта і размовы са знешнім мірам – і гэта яго
задача нумар адзін, перакананы Павел Левушкан.
Журналісты мелі магчымасць
паразмаўляць адно з адным у больш цесным фармаце. Падчас круглых сталоў удзельнікі
форуму выказалі свае думкі наконт далейшага развіцця каталіцкіх мас-медыя. Сярод стратэгічных
прапаноў, заснаванне ў кожнай дыяцэзіі інфармацыйных службаў і прызначэнне адказных
за мас-медыя, прафесійная і духоўная фармацыя працаўнікоў СМІ, супрацоўніцтва са свецкімі
сродкамі інфармацыі. Журналісты прапанавалі павялічыць колькасць пляцовак для сустрэч
і ўвогуле зрабіць Кангрэс штогодным, а таксама ствараць салідныя і прафесійныя СМІ
ў профільных касцёльных структурах. Ксёндз Аляксандр Амяльчэня – кіраўнік Беларускай
рэдакцыі Ватыканскага радыё – нагадаў аб тым, што як ніякія медыя, хрысціянскія маюць
свабоду дзейнасці і тэматыкі – тут няма фальшывай паліткарэктнасці і забароненых тэм.
Адной з самым значных ідэй І Кангрэсу Каталіцкіх СМІ стала прапанова Мітрапаліта
Тадэвуша Канрусевіча стварыць працоўную групу з прадстаўнікоў усіх дыяцэзій, якая
зоймецца падрыхтоўкай стратэгічнага плану развіцця і дзейнасці каталіцкіх СМІ і прысутнасці
Касцёла ў медыя-прасторы.