2012-08-25 11:19:13

Каля сотні беларускіх журналістаў-католікаў сабралася на свой першы кангрэс


RealAudioMP3 Католікі-журналісты – мы тут ёсць! У часопасіх і газетах, на тэлебачанні, інтэрнэт-парталах і блогах. 24 жніўня ў беларускім Гродна яны гэта даказалі, сабраўшыся разам – на Першым кангрэсе каталіцкіх СМІ. Каля ста ўдельнікаў прыбылі на форум – прадстаўнікі друкаванай і аўдыёвізуальнай прэсы. Адны працуюць непасрэдна ў каталіцкіх выданнях, другія – пішуць на рэлігійныя тэмы, трэція – журналісты-католікі, якія працуюць у свецкіх медыя. Прынялі ўдзел у форуме прадстаўнікі Праваслаўнай Царквы і вернікі-пратэстанты.

Прывітальныя словы прагучалі ад арцыбіскупа Клаўдыё Марыі Чэлі, старшыні Папскай рады па сродках масавай камунікацыі і кіраўніка Залы Друку Апостальскай Сталіцы кс. Фэдэрыка Ламбардзі. Яны даслалі свае відэа-звароты да ўдзельнікаў форуму.

Мітрапаліт Кандрусевіч, адкрываючы Кангрэс, адзначыў, што за апошнія гады дынаміка развіцця каталіцкіх СМІ проста здзіўляе. Перш за ўсё гэта датычыць прысутнасці Каталіцкага Касцёла ў дзяржаўных медыя. Так, напрыклад, на беларускім тэлебачанні каталіцкія праграмы займаюць 3 гадзіны эфірнага часу ў месяц. Паводле іерарха, гэта ўжо шмат, а восенню выйдзе яшчэ адзін тэлепраект пра беларускія каталіцкія храмы. На беларускім радыё з’явіўся штонядзельны выпуск навін Ватыканскага радыё. Існуюць ідэі, як развіваць і свае, каталіцкія СМІ. Так, напрыклад, на сайце Каталіцкага Касцёла магчыма з’явіцца штонядзельная прамая трансляцыя св. Імшы. Таму, паводле арцыбіскупа, на форуме ёсць што абмеркаваць.

Урачыстае адкрыццё неўзабаве змяніла працоўная атмасфера. І першы даклад а затым майстар-клас прагучаў ад знакамітага польскага рэжысёра Кшыштафа Занусі. Майстар ужо 40 гадоў менавіта з дапамогай аўдыёвізуальных, праўда часцей мастацкіх, сродкаў уздымае хрысціянскія і агульнафіласофскія пытанні.

Сёння Касцёл часта наракае на СМІ, не любіць медыя, лічыць Кшыштаф Занусі. Сапраўды, калі прааналізаваць гісторыю, друкаванае слова прынесла шмат дрэнага. Перш за ўсё таму, што занадта часта здраджвала праўдзе. Не гледзячы на гэта, не трэба баяцца СМІ, бо толькі з іх дапамогай можна рабіць нешта ў сучаснай сітуацыі. “Сакракіч”, паводле Занусі, – з’ява вельмі распаўсюджаная зараз у асяроддзі хрысціянскіх СМІ, паколькі паўстае шмат патрэбных праектаў, але рэалізуюцца яны часта непрафісійна, безгустоўна, на нізкім узроўні. Занусі нагадаў таксама аб ролі журналіста-католіка ў сучасным свеце.

Славуты рэжысёр падкрэсліў, што хрысціянства стварыла ўнікальную цывілізацыю. Правы чалавека, свабода, братэрства – гэта яго спадчына, а не якой-кольвечы рэвалюцыі. Заданне хрысціянскіх СМІ – абвяшчаць хрысціянства ў яго праўдзівым абліччы, без дэфармацый, характэрных для сучасных медыя.

Сёння – другі дзень форуму таксама адзначаны насычанай праграмай. Госці пачуюць даклады праграмнага дырэктара Ватыканскага радыё кс. Анджэя Капроўскага, кіраўніка хрысціянскага партала з Латвіі Паўла Левушкана і рэдактара Рэлігійна-інфармацыйнай службы Украіны Алены Кулыгінай. Ці можа Касцёл выкарыстоўваць у сваёй працы PR, будучае каталіцкіх мас-медыя ў лічбавую эпоху і выклікі, якія стаяць перад каталіцкімі радыёстанцыямі – гэта праблемы, з якімі сутыкаюцца сучасныя каталіцкія медыя. Журналісты і сабраліся ў гэтыя дні ў Гродна, каб знайсці шляхі іх пераадолення і вызначыць новыя напрамкі працы журналістаў-католікаў. Бо без СМІ немагчыма новая евангелізацыя. Напрыклад, Кшыштаф Занусі глубока ўпэўнены – хрысціянства не зжыло сябе. І кожны чалавек імкнецца да праўды, якую і павінны несці хрысціянскія СМІ. Супрацоўнікам якіх рэжысёр пажадаў не “святога спакою”, што у яго разуменні – лянота духа і абыякавасць, і не павучання – а сведчання.








All the contents on this site are copyrighted ©.