2012-08-24 13:26:48

Іспанія: юбілей рэформы кармелітанскага ордэна


RealAudioMP3 450 гадоў таму, 24 жніўня 1562 г. св. Тэрэза ад Езуса, заснавала кляштар св. Юзэфа ў іспанскім горадзе Авіла, чым пачала рэфармаванне кармелітанскага ордэна. З гэтай нагоды сёння ў Авіле адбудзецца ўрачыстая літургія і іншыя святочныя мерапрыемствы, якія ўзначаліць ганаровы госць з Ватыкана, іспанскі кардынал Антоніо Канізарэс, прэфект Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў. Гісторыя кармелітанскага ордэна пачалася яшчэ ў ХІІ ст, калі на гары Кармель у Святой Зямлі пасяліліся некаторыя пілігрымы (якія хутчэй за ўсё былі былымі крыжакамі), для таго, каб наследаваць Хрыста на падабенства св. Ільі і па прыкладзе Панны Марыі. Тут яны пабудавалі касцёл прысвечаны Маці Божай, а вакол яго манастыр. З цягам часу яны атрымалі рэгулу зацвярджаную Іерусалімскім патрыярхам св. Альбертам, аднак былі вымушаны вярнуцца ў Еўропу у сувязі з пачаткам араба-мусульманскай экспанісіі. Тут ордэн з затворніцкага стаў жабрацкім, а на працягу XIV-XV ст. перажываў шматлікія спробы рэфармавання. Найбольш значныя рэформы ў ордэне адбыліся ў Іспаніі і былі звязаны з постаццю св. Тэрэзы ад Езуса. Яна сваім прыкладам дасканалага евангельскага жыцця прывабіла групу іншых манахінь, з якімі 24 жніўня 1562 г. заснавала кляштар прысвечаны св. Юзэфу.

З нагоды пачатку святкавання 450-годдзя гэтай рэформы, 16 ліпеня 2011 г. Бэнэдыкт XVI скіроўваў віншавальнае пасланне на імя біскупа Авілы. Папа адзначаў, што “мэтай рэформы было стварэнне новых кляштараў, у свеце, у якім знікалі духоўныя каштоўнасці, для таго, каб малітвай абараняць апостальскую дзейнасць, прапанаваць новы стыль евангельскага жыцця, які б мог стаць прыкладам для тых, хто шукае дасканаласці”. Папа казаў, што таксама і “сёння неабходна, каб даверлівая малітва натхняла апостальскую дзейнасць, дзеля таго, каб з яснасцю і дынамізмам, зноў загучала збаўчае пасланне Езуса Хрыста”.








All the contents on this site are copyrighted ©.