2012-08-23 11:22:17

Папа прывітаў удзельнікаў Міжнароднага форума Каталіцкай акцыі


RealAudioMP3 23 жніўня Бэнэдыкт XVI скіраваў пасланне да ўдзельнікаў Міжнароднага форума Каталіцкай акцыі, які праходзіць 22-26 жніўня ў румынскім Яшы, на тэму “Свецкія вернікі і Каталіцкая акцыя: супольная касцёльная і сацыяльная адказнасць”. Святы Айцец падкрэсліў, што свецкія вернікі з’яўляюцца не столькі “паплечнікамі” святароў, колькі “суадказнымі” за стан і дзейнасць Касцёла. “Таму важна, каб былі кансалідаваны сталыя і дзейсныя свецкія, здольныя зрабіць свой асаблівы ўнёсак у касцёльную місію, з павагай да служэння і абавязкаў, якія кожны мае ў жыцці Касцёла і заўсёды ў сардэчнай еднасці з біскупамі”, - сказаў Папа. Пантыфік заклікаў удзельнікаў форума жыць у духу першых хрысціянскіх супольнасцяў, якія, паводле Дзеяў Апосталаў, “мелі адно сэрца і адну душу”, а таксама дзейнічаць на карысць місіі Касцёла праз “малітву, вучобу, актыўны ўдзел у касцёльным жыцці, уважліва і пазітыўна гледзячы на свет у пастаянным пошуку знакаў часу”.

“Не стамляйцеся заўсёды ўдасканальваць, дзякуючы штодзённай і сур’ёзнай адукацыі, аспекты вашага асаблівага паклікання як свецкіх вернікаў, гэта значыць быцця мужнымі і пераканаўчымі сведкамі ва ўсіх сферах грамадства, каб Евангелле стала святлом якое нясе надзею ў праблематычных сітуацыях, цяжкасцях, цемры, якую сучасныя людзі сустракаўюць у сваім жыцці”, - сказаў Бэнэдыкт XVI.

Папа заклікаў удзельнікаў форума абвяшчаць пасланне збаўлення зразумелай для нашага часу мовай, што з’яўляецца вялікім выклікам для новай евангелізацыі. “У гэты гістарычны перыяд, у святле сацыяльнага навучання Касцёла, працуйце дзеля таго, каб стаць лабараторыяй “глабалізацыі ў салідарнасці і любові”, каб расці, разам з усім Касцёлам, у суадказнасці за тое, каб даць чалавецтву надзею на будучыню, маючы мужнасць таксама фармуліраваць неабходныя прапановы”, - заклікаў Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.