2012-08-20 11:39:13

Польскі іерарх: галасы Бэнэдыкта XVI і Патрыярха Кірыла гучаць разам


RealAudioMP3 Арцыбіскуп Юзэф Міхалік, старшыня польскага епіскапата, назваў важнай падзеяй візіт Патрыярха Кірыла ў Польшчу, які закончыўся 19 жніўня. Іерарх адзначыў, што Праваслаўная Царква з’яўляецца часткай падзеленага Касцёла. “Таму мы сумуем і молімся аб тым, каб выканаць запавет Пана Езуса пакінуты падчас Апошняй Вячэры – каб усе былі адно”, - падкрэсліў арцыбіскуп Пшэмысльскі. На яго думку кантакты, паміж Касцёлам і Царквой неабходны, каб лепш пазнаваць адно аднаго і бачыць узаемную адкрытасць. “Мы павінны ўсведамляць, што яшчэ шмат трэба зрабіць, але гэтай працы ніхто не выканае за нас”, - сказаў старшыня епіскапата Польшчы ў інтэрв’ю агенцтву “KAI”.

На пытанне журналістаў ці гучыць голас Патрыярха Кірыла І у сугуччы з тым, што кажуць каталіцкія іерархі, арцыбіскуп Міхалік адказаў, што “гэта той самы голас, які мы чуем ад Яна Паўла ІІ і Бэнэдыкта XVI”. “Я думаю, што дзякуючы таму, што заклік з’яўляецца сумесным, ён стане больш плённым. Ён мае больш шансаў дакрануцца да сэрца і розуму ўсіх людзей і паказаць, што сённяшні час патрабуе супрацоўніцтва і адзінага голасу Каталіцкага Касцёла і Праваслаўнай Царквы”, - адзначыў іерарх.








All the contents on this site are copyrighted ©.