2012-08-19 15:50:18

"З сэрцам у кантакце". Евангелічная прыпавесць: мэта педагогікі Ісуса ў навучанні пры дапамозе прыпавесцяў (V)


RealAudioMP3 Я працягваю распавядаць пра прыпавесці, пра навуку Ісуса Хрыста аб Царстве Божым ў іх. Манах-бенедыктынін а. Аўгустын Янкоўскі прысвяціў гэтай тэме цэлую кнігу, якой я карыстаюся пры падрыхтоўцы гэтай праграмы. Сёння я хачу адкрыць вам чарговы ключ ад евангелічных прыпавесцяў.

«Евангелле – гэта не кніга»

Да гэтага моманту мы разважалі ключ, якім з'яўляецца даследванне літаратурнага гатунку. На базе гэтых даследванняў фармулююцца правіла інтэрпрэтацыі, якія дазваляюць застасаваць гэты ключ да любой прыпавесці, у любой літаратуры.

Гэты ключ, аднак, хоць і з'яўляецца першым і неабходным, не ўстане адчыніць у поўні скарбонкі евангелічных прыпавесцяў. У чытанні Евангелляў нам трэба перакрочыць межы літаратурных катэгорый. У іх знаходзіцца нешта іншае: «Евангелле – гэта не кніга. Гэта цуд, гэта пасмертнае ўцяленне Таго, хто нас палюбіў больш, чым кожны з нас здольны любіць сябе» - так удала пісаў пасля свайго навяртання Джовані Папіні (Giovanni Papini) на пачатку сваёй Storia di Cristo.

Адсюль паўстае неабходнасць зразумець, якой думкай, якім намерам ці інтэнцыяй ажыўленае навучанне ў прыпавесцях Адзінага Настаўніка? Ужо сам тэкст Евангелля змушае нас да сфармулявання гэтага пытання.

«Чаму прамаўляеш да іх у прыпавесцях?» (Мц. 13: 10б)

Шаноўныя сябры, давайце прыслухаемся фрагменту Евангелля, у якім вучні задаюць Ісусу гэтае пытанне ды атрымоўваюць ад Яго адказ:

10 І, падышоўшы, вучні сказалі Яму: «Чаму прамаўляеш да іх у прыпавесцях?»
11 Ён, адказваючы, гаворыць ім: «Вам дадзена пазнаць тайны Валадарства Нябеснага, а ім гэта не дадзена.
12 Бо таму, хто мае, дададзена будзе і памножыцца, каб меў шчодра; а ў таго, хто не мае, і тое, што мае, будзе аднята.
13 Таму гавару ім у прыпавесцях, бо яны, гледзячы, не бачаць, і слухаючы, не чуюць ды не разумеюць.
14 Так спаўняецца над імі прароцтва Ісаі, які кажа: "Слыхам пачуеце — і не зразумееце. Гледзячы, будзеце глядзець — і не ўбачыце.
15 Бо сэрца гэтага народа атлусцела, і вушамі з цяжкасцю чуюць, і вочы свае заплюшчылі, каб часам вачамі не ўбачыць і вушамі не пачуць, каб сэрцам не зразумець ды не навярнуцца, каб Я аздаравіў іх"...» (Мц. 13: 10-15).

У чытача (і слухача) гэтага фрагменту Евангелля (таксама як і ў свой час у вучняў Ісуса) паўстае пытанне: якую мэту пераследвала навучанне пры дапамозе прыпавесцяў? Старадаўнія эгзэгеты, у намаганні адказаць на гэтае пытанне, падзяліліся на два лагеры.
Першае група сцверджвала, што Ісус навучаў у прыпавесцях, бо да гэта Яго схіляла міласэрнасць – зважаючы на нізкі ўзровень масаў слухачоў, якія былі здольныя зразумець ледзь вобразы. Гэта пазіцыя была слушная, паколькі літаратурны гатунак несумненна істотна служыць таму, каб зрабіць даступнай больш зразумелай навуку, падаваную такім чынам.
Аджа, узгаданае прароцтва Ісаі ў ісусавам адказе, падказвае нам думку цалкам супрацьлеглую – мэтанакіраванае хаванне праўды, якой слухачы не годныя. Гэтак другі лагер эгзэгетаў, робячы акцэнт на цытаце з прарока, сцверджваў, што прамаўленне ў прыпавесцях было карай з боку Божай справедлівасці.

Сэнс педагогікі Ісуса

Ані першае, ані другое рашэнне не можа нас задаволіць, бо ў іх не бярэцца пад увагу рэчаіснасць, якая пададзена нам у абоіх Запаветах. Другое рашэнне яўна не лічыцца з тым, што Сын Чалавечы прыйшоў шукаць і збаўляць тое, што было прапаўшым (Лк. 19: 10; пар. Эзэк. 34: 16), і не паслаў Бог Сына Свайго ў свет, каб судзіць свет (Ян 3:17). Адначасова першае рашэнне не бярэ пад увагу ў дастатковай ступені прыведзеных слоў прароцтва, якія гучаць, без сумніву, сувора.

Каб знайсці ўласцівае рашэнне супаставім найперш прадпасылкі, якія не выклікаюць у нас сумніву. Першая з іх гаворыць, што прадугледжаннай мэтай прыпавесці было стасоўнае (пар. Мк. 4:33) павучэнне слухачоў пра Царства Божае, пра якое Ісус абвяшчаў, што яно блізкае, нават істотна ўжо прысутнае ў Ягонай асобе. Другая прадпасылка гаворыць, што бачная ў Евангеллях педагогіка Ісуса паступова тлумачыць таемніцы Царства Божага.

Пасля усталявання гэтых прадпасылак мы можам ужо перайсці да згаданага тэксту Ісаі, пачынаючы ад першаснага чыннага кантэкста гэтых слоў прарока. Сам Яхвэ кідае гэтыя словы прароку з адценнем балючага сарказма: «Пільна слухайце, і не зразумейце, пільна ўглядайцеся, і не ўбачыце». Бо закамянела сэрца народа гэтага, і вушамі слаба чуюць, і вочы свае заплюшчылі, каб часам не пабачыць вачамі, і не пачуць вушамі, і не зразумець сэрцам, ды не навярнуцца, і каб Я іх не аздаравіў (Іс. 6: 9б-10).

Чаму Ісус выклікае ў памяці сваіх слухачоў гэтую мінулую сітуацыю з VIII стагоддзя? Напэўна таму, што Ён ужо перажыў падобны балючы вопыт, якім быў супраціў ягоных слухачоў. Ісус хоча паказаць, што з Ім адбываецца тое, што і з Ісаяй.

Вось чаму і сваім слухачам Ісус пагражае тым самым – згубным непрыняццем праўды, якую Ён абвяшчае. «Таямніцы царства» застаюцца і надалей загадковыя і незразумелыя, а значыць лёгка могуць быць адкінутыя, для гэтых дабраахвотна асляпёных.

У той жа час, для тых хто адкрыты на голас Божы, ахвотных слухачоў слова і тых, хто просіць – падобна вучням – пра тлумачэнне, прыпавесці робяцца зразумелымі, больш таго, стаюцца іх уласнасцю (пар. Мк. 4:10-12).

Не толькі сучасныя Госпаду Ісусу Хрысту габрэі знаходзіліся на ростаннях неабходнасці прыняцця рашэння быць «за» ці «супраць» Евангелля Царства. На гэтых ростаннях знаходзіцца кожны чалавек, калі павінен заняць сваю пазіцыю адносна Хрыста. Хто пагрэбуе гэтай ласкай, той застанецца ў змроку, які з часам можа закончыцца поўным асляпеннем. Такім чынам да ўсіх нас скіраваны наказ Госпада: Хто мае вушы слухаць, хай слухае (Мц. 11:15).

Айцец Андрэй Буйніч







All the contents on this site are copyrighted ©.