2012-08-19 15:40:58

"З сэрцам у кантакце". Евангелічная прыпавесць - асаблівы літаратурны гатунак (III)


RealAudioMP3 Сёння я працягваю распавядаць пра прыпавесці, пра навуку Ісуса Хрыста аб Царстве Божым ў іх. Манах-бенедыктынін а. Аўгустын Янкоўскі прысвяціў гэтай тэме цэлую кнігу, якой я карыстаюся пры падрыхтоўцы гэтай праграмы.

У мінулай перадачы я агульна распавёў пра прыпавесьці і падкрэсліў, што мы патрабуем калі хочам зразумець прыпавесці, то патрабуем мець пэўныя ключы ад іх. Такім ключом з'яўляецца між іншім літаратурны гатунак прыпавесці. Сёння я хацеў бы больш уважліва, больш падрабязна паразважаць на гэту тэму, каб адказаць на пытанні: якія асноўныя рысы прыпавесці, як літаратурнага гатунка, як вогуле можна акрэсліць такі літаратурны гатунак?

Сутнасць прыпавесці ды яе складнікі

Прыпавесць з'яўляецца спантанным творам чалавечага духа. Зусім не трэба быць літэратарам, каб карыстацца прыпавесцю ды разумець яе. Наўпрост паўстае яна з пэўнай патрэбы лепшага, больш моцнага прадстаўлення сваёй думкі. Паколькі ў размове, асабліва ў навучанні, заўсёды каштоўным лічым вобразнасць, то гэта можа быць прычынай таго, што фальклёр перапоўнены прыпавесцямі.

Тым не менш, выкарыстанне іх не з'яўляецца выключна папулярным спосабам пераказу. Сакрат таксама ахвотна карыстаўся прыпавесцю, калі ў дыялогу хацеў вывесці на паверхню прыхаваную праўду, якую незаўважалі ягоныя суразмоўцы.

Сутнасцю прыпавесці ёсць параўнанне двух складнікаў. Гэта фундамент, на якім пабудавана кожная прыпавесць. Добра гэта перадае грэцкі тэрмін для акрэслення прыпавесці – παραβολή (parabolē), які літаральна азначае «паставіць побач», і уласна ставіць бобач два гэтыя складнікі.

Першы з іх з'яўляецца вобразам узятым з штодзённага жыцця, з рэчаіснасці вядомай суразмоўцы або чытальніку. Другі складнік ці элемент прыпавесці ўжо не даступны пачуццям, паколькі знаходзіцца ў сферы паняццяў, і да таго ж недаступнай пазнанню толькі рацыянальнаму.

Рэчы канкрэтныя і вядомыя з вобразу вопытнай рэчаіснасці ў такім супастаўленні, пакліканыя адлюстраваць праўду вышэйшага парадку, духоўную, звышнатуральную. Парабала, такім чынам – гэта разбудаванае параўнанне, што асноўваецца на падабенстве, якое мае месца паміж вельмі рознымі плоскасцямі рэчаіснасці. Падцьверджвае гэта і ўступ да не адной з прыпавесцяў Евангелля: «Падобна Валадарства Нябеснае да...», пасля чаго выступае зразумелы вобраз.


У чыстай прыпавесці, г. зн. без элементаў іншага літаратурнага гатунку, кожная матэрыяльная рэч застаецца сабою; гэтак, напрыклад, гарчычнае зерне надалей застаецца зернем, і нічым болей. З іншага боку, зерне будзе развівацца (паводле законаў вядомага сэнсарнага вопыту развіцця) у рэчаіснасць цалкам непазнавальную – Божае Валадарства.

Прыпавесць, метафара і алегорыя

Аднак, калі мы зробім нібы адзін крок за парабалу-супастаўленне, то апынемся на іншай глебе, у іншам літаратурным гатунку. Будзе ім метафара (з грэцкай мовы μεταφορά – пераносны сэнс). Выйсце за прыпавесць азначае, што ўжо не параўноўваюцца дзьве плоскасці рэчаіснасці, але рысы першай пераносяцца на другую, атаесамліваючы ў словах рэчы вышэйшага парадку з ніжэйшымі.

Вось чаму ў метафаре выразы не захоўваюць свайго гутарковага значэння, але атрымоўваюць новыя, метафарычныя. Мы вельмі добра разумеем, што словы Ісуса звернутыя да Пятра: Ты – камень (Пётра), (...) ды дам табе ключы Валадарства Нябеснага; і што звяжаш (...) і што развяжаш (Мц. 16:18-19), не азначаюць тут камень-мінерал, ключы не з'яўляюцца інструментамі з апрацаванага метала, а звязванне і развязванне не закладае наяўнасць вяроўкі.

Калі ж метафару зразумець шырэй, то паўстане алегорыя, даслоўна па грэцку «іншасказанне, казанне чагосці іншага». У гэтых літаратурных гатунках, у метафаре ды алегорыі, кожная падрабязнасць вобразу азначае нешта іншае, чым гавораць самыя словы ў іх гутарковым значэнні. Адчытваючы алегорыю Добрага Пастыра (Ян 10: 11-16), без цяжкасцяў разумеем, што нельга даслоўна успрымаць выразы: пастыр, найміт, воўк, овцы, аўчарня, але што яны азначаюць адразу справы нябачнай рэчаіснасці.

Айцец Андрэй Буйніч







All the contents on this site are copyrighted ©.