2012-08-17 12:08:25

Сустрэча еўрапейскай моладзі пад эгідай супольнасці з Тэзэ пройдзе ў Рыме


RealAudioMP3 Супольнасць з Тэзэ адзначыла на днях чарговую гадавіну смерці свайго заснавальніка брата Ражэ Шульца. Як падкрэсліў адказны за сувязі са СМІ брат Давід, спадчына заснавальніка экуменічнага руху – жывая сярод маладых еўрапейцаў. Гэта бачна па іх шматлікім удзеле ў разнастайных мерапрыемствах напрацягу года. Так, 4 тыс. юнакоў і дзяўчат прыбылі 16 жніўня ў Тэзэ на жалобнае набажэнства, каб разам маліцца і дзякаваць за заснавальніка экуменічнай супольнасці. Брат Давід падкрэсліў, што многія маладыя людзі прыехалі шукаць Бога і знайшлі Яго менавіта на ўзгорку Тэзэ.

“Наш пошук адзінства з Рымам і Святым Айцом быў заўсёды вельмі, вельмі прысутны з часоў Пія ХІІ. Затым з Янам Паўлам ІІ – брат Ражэ штогод прыбываў у Рым на сустрэчу з ім. І гэтыя адносіны, гэтыя стасункі працягваюцца дагэтуль”,- адзначыў адказны за сувязі са СМІ ў супольнасці.

У храме Тэзэ многія прынялі важныя жыццёвыя рашэнні, нагадаў брат Давід. Супольнасць нарадзілася як праект прымірэння паміж немцамі і французамі пасля ІІ Сусветнай вайны. Але цяпер рух ахоплівае ўсю Еўропу, займаецца справамі салідарнасці на міжнародным узроўні. Так, напрыклад, зараз ажыццяўляецца праект падтрымкі нядаўна створанай дзяржавы Паўднёвы Судан. Пасля 20-гадовай вайны, было прынята рашэнне будаваць там школу і займацца адукацыяй дзяцей.

Брат Давід распавёў таксама, што чарговая экуменічная сустрэча моладзі з усёй Еўропы, якая праводзіцца ў навагодні перыяд, сёлета пройдзе ў Рыме. Апошні падобны форум праводзіўся ў Вечным горадзе роўна 25 гадоў таму.








All the contents on this site are copyrighted ©.