2012-08-17 13:11:31

Папа спачувае ў сувязі са смерцю Патрыярха Эфіопскай Царквы


RealAudioMP3 Бэнэдыкт XVI скіраваў спачувальную тэлеграму ў сувязі са смерцю Яго Святасці Абуна Паўла, Прадстаяцеля Эфіопскай Царквы, Пятага Патрыярха Абісінскага, Каталікоса Эфіопіі. “Я хацеў бы выказаць мае шчырыя спачуванні членам Святога Сінода, а таксама духавенству, манахам і вернікам Патрыярхату. - напісаў Папа, - Я да гэтага часу з задавальненнем успамінаю візіты Патрыярха ў Ватыкан, і, у прыватнасці яго выступленне на другой спецыяльнай асамблеі Сіноду Біскупаў па Афрыцы 6 кастрычніка 2009 г. і тыя важныя назіранні, якімі ён падзяліўся з гэтай нагоды”, - дадаў Бэнэдыкт XVI. У тэлеграме Папа ўзгадаў “цвёрдую прыхільнасць” памерлага справе адзінства хрысціян з дапамогай дыялогу і супрацоўніцтва паміж Эфіопскай Праваслаўнай Царквой і Каталіцкім Касцёлам. Святы Айцец запэўніў у сваёй малітве за памерлага іерарха і тых, хто “аплаквае яго”.

Патрыярх памёр у ноч на 16 жніўня ў Адыс-Абебе ва ўзросце 76 гадоў. Ён цяжка хварэў і апошні час знаходзіўся ў шпіталі. Абуна Павел нарадзіўся 3 лістапада 1935 г. У маладосці навучаўся ў тэалагічным каледжы ў Адыс-Абебе, пазней у семінарыі ў Нью-Джэрсі. У 1970-я гады атрымаў біскупскую хіратонію, але без дазволу дзяржаўных уладаў, таму з 1976 па 1983 гг. ён правёў у турме. З 5 ліпені 1992 г. Павел стаў новым Прадстаяцелем Эфіопскай Царквы. З 2006 г. з’яўляўся адным з прэзідэнтаў Сусветнай рады Цэркваў.







All the contents on this site are copyrighted ©.