2012-08-17 11:38:54

Кірыл І сустрэўся з польскім епіскапатам


RealAudioMP3 “Немагчыма дасягнуць сапраўднага міру паміж расійскім і польскім народамі без актыўнага ўдзелу ў дыялогу двух Цэркваў, якія сфарміравалі духоўную ідэнтычнасць і культуру абодвух народаў”, - сказаў Патрыярх Кірыл 16 жніўня ў Варшаве на сустрэчы з прэзідыумам Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Польшчы. Ён падзякаваў Каталіцкаму Касцёлу ў Польшчы за сумесную з Рускай Праваслаўнай Царквой ініцыятыву падпісання дакументу аб прымірэнні расійскага і польскага народаў.

Патрыярх Кірыл адзначыў, што прыняцце гэтага дакументу, якое адбудзецца 17 жніўня, праходзіць у год 400-годдзя вызвалення Масквы ад польскіх войскаў і 200-годдзя перамогі рускіх над Напалеонам. “У гэтых датах адлюстроўваецца ўся складанасць і супярэчлівасць ва ўзаемаадносінах паміж нашымі народамі, якія ў гісторыі ведалі і адчужэнне і адкрытую варожасць”, - сказаў Прадстаяцель Рускай Праваслаўнай Царквы, дадаўшы, што палітычнай барацьбе папярэднічала страта хрысціянскага адзінства.

У сваю чаргу кіраўнік Каталіцкага Касцёла ў Польшчы Мітрапаліт Юзэф Міхалік выказаў радасць, што біскупы Праваслаўнай Царквы прыбылі на польскую зямлю “як вялікія абаронцы і вяшчальнікі Божага закона ў свеце”. Ён назваў Рускую Праваслаўную Царкву – Царквой “вялікіх святых, шматлікіх мучанікаў”. На думку арцыбіскупа, “яна адважна абараняе рускі народ ад небяспекі, аднабаковага ліберальнага прагрэсу, пазбаўленага чуласці да прысутнасці Бога, да ролі сумлення ў жыцці сучаснага чалавека і грамадства”. Ён перакананы, што сёння народы абедзвюх краін маюць патрэбу “у настаўніках, якія жывуць у праўдзе, свабоднай ад ідэалагічнай афарбоўкі”.







All the contents on this site are copyrighted ©.