Бэнэдыкт XVI скіраваў
тэлеграму да ўдзельнікаў 301-й пешай пілігрымкі з Варшавы ў Чэнстахову, з нагоды 25-й
гадавіны паўстання ініцыятывы ў абарону жыцця пад назвай “Духоўнае ўсынаўленне ненароджаных”.
Гэта малітва, якая доўжыцца дзевяць месяцаў з намерам абараніць жыццё ва ўлонні маці,
якому пагражае небяспека. Тэкст паведамлення быў прачытаны ўчора раніцай арцыбіскупам
Варшаўскім кардыналам Казімежам Нычам падчас св. Імшы для пілігрымаў перад санктуарыем
на Яснай Гары.
У сваім пасланні Святы Айцец выказаў удзячнасць людзям, прымаючым
удзел у гэтай ініцыятыве, якія з глыбокай верай садзейнічаюць евангельскім каштоўнасцям
жыцця і любові, супрацьстаяць пагрозе абортаў, эўтаназіі, распушчанасці і паталогій
сямейнага жыцця. Бэнэдыкт XVI выказаў спадзяванне, што гэта справа пранікне глыбока
ў сэрцы шматлікіх людзей, якія падтрымаюць дзяцей, чыё жыццё знаходзіцца пад пагрозай
аборту. Папа ўпэўнены, што яна дасць магчымасць людзям сустрэць Хрыста ў кожным ненароджаным
дзіцяці.
25-ы юбілей ініцыятывы праходзіць пад дэвізам “Касцёл – дом жыцця”.
Яна нарадзілася ў 1987 г. у Варшаве, у групе, звязанай з душпастырствам пілігрымак
да Маці Божай Чэнстахоўскай. Пазней ініцыятыва распаўсюдзілася па ўсёй Польшчы, а
затым і за мяжой.