2012-08-16 12:30:26

Нунцый у Германіі: краіна шмат губляе не слухаючы Папу


RealAudioMP3 Апостальскі нунцый у Германіі арцыбіскуп Жан-Клод Пэрысэ прызнаўся, што Папа вельмі перажывае, што да яго мала прыслухоўваюцца ў Германіі. Паводле ватыканскага дыпламата, гэта вялікая страта для радзімы Пантыфіка. У інтэрв’ю “Сhrist und Welt” – дадатку да нямецкага выдання “Die Zeit”, іерарх выказаў упэўненасць у тым, што Касцёл павінен рабіць больш намаганняў, каб адказваць на пытанні сучаснага свету. “Мы гаворым аб рэчах, якія людзям не зразумелыя. Неабходна звяртацца да пачатковых элементаў веры і тлумачыць іх простымі словамі і вобразнай мовай. Пераказ веры павінен аднавіцца ў сем’ях, бо інакш, можам закрываць касцёлы”, - адзначыў ватыканскі дыпламат.

Гаворачы аб праблеме “пустых храмаў” і крызісу святарскіх пакліканняў, нунцый падкрэсліў, што прычына гэтага не ў бяздзейнасці касцёльных інстытутаў, але ў сучаснай ментальнасці і недахопе веры. “Мы патрабуем новай культуры супольнасці, супольнага жыцця ў веры. Для гэтага нам неабходныя такія вялікія ўрачыстасці як Сусветныя дні моладзі ці св. Імшы з удзелам Папы на вялікіх алімпійскіх стадыёнах. Яны паказваюць, што чалавек не ў адзіноце”, - сказаў арцыбіскуп Пэрысэ.

Дыпламат крытычна выказаўся адносна спрэчак унутры Касцёла ў Германіі паміж духавенствам і свецкімі вернікамі. Ён адзначыў, што альтэрнатывай спору з’яўляецца дыялог, які, у сваю чаргу, з’яўляецца неабходным. “Тыя, хто жадае, каб правільнай прызнавалася толькі іх пазіцыя, не вядуць дыялогу”, - лічыць арцыбіскуп. На яго думку, адкрытасць біскупаў на размову са свецкімі ў Германіі з’яўляецца мужным крокам, але ў ім важна быць вельмі ўважлівым і не дазволіць “перавярнуць Касцёл уверх нагамі”.








All the contents on this site are copyrighted ©.