2012-08-16 11:36:11

Візіт Кірыла І у Польшчу дапаможа прабачэнню гістарычных крыўдаў


RealAudioMP3 16 жніўня пачаўся візіт Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла І ў Польшчу. У яго рамках кіраўнік Рускай Праваслаўнай Царквы і старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Польшчы арцыбіскуп Юзэф Міхалік, падпішуць сумеснае пасланне да абодвух народаў. У гэтым дакуменце будзе ўтрымлівацца разважанне аб стагоддзях гісторыі Расіі і Польшчы, заклік да ўзаемнага прабачэння і прымірэння, а таксама будзе падкрэслівацца важнасць супольнага сведчання і абароны хрысціянскіх каштоўнасцяў і культуры ў сучаснай Еўропе. У інтэрв’ю нашаму радыё генеральны сакратар польскага епіскапату біскуп Войцех Поляк, адзначыў, што падпісанне такога важнага з гістарычнага пункту гледжання дакументу, можа прынесці багатыя духоўныя плёны, бо ў першую чаргу ён скіраваны да вернікаў – католікаў і праваслаўных. “Сапраўды пасланне скіравана да вернікаў абодвух Цэркваў і грунтуецца на Евангеллі, на закліку да прымірэння, які сфармуліраваў сам Хрыстус”, - адзначыў біскуп Поляк.

“Трэба прызнаць, што дакумент не зможа развеяць усе існуючыя гістарычныя сумневы, якія павінны быць вырашаны з часам і шчырасцю, праўдай і глыбокім навяртаннем сэрца, што прыйдзе ў будучым. Наш дакумент, у рэальнасці, хоча прадставіць пачатак працэсу магчымага прымірэння, грунтуючыся на праўдзе ўвогуле, а таксама на праўдзе гістарычнай. Таму ён запрашае нас, а ў першую чаргу гісторыкаў, працягваць намаганні па дасладванні і ўдакладненні тых складаных момантаў, якія былі ў мінулым”, - сказаў біскуп.

На думку каталіцкага іерарха, каб пераадолець узаемныя раны, якія носяць народы Польшчы і Расіі, неабходна каб прайшлі гады працы, заснаванай на шчырасці і праўдзе, асэнсаваных абодвума бакамі.








All the contents on this site are copyrighted ©.