2012-08-15 13:13:28

“Веру, ведаю, разумею”. Сакрамэнт споведзі: звонку ці знутры?


RealAudioMP3 Мы працягвае разважаць аб сакрамэнце споведзі. Сёння мы пахілімся над словамі Езуса “Няма нічога, што магло б, уваходзячы звонку ў чалавека, зрабіць
яго нячыстым, але тое робіць чалавека нячыстым, што выходзіць з яго” (Мк 7,15). Справядлівы фарысей заўсёды думае, што зло ўваходзіць звонку, а ўнутры яго ўсё добрае. У рэальнасці, за гэтым хаваецца вялікая крывадушнасць. Езус кажа зусім аб адваротным. Мы упэўнены, што нашы інтэнцыі заўсёды добрыя і таму лёгка знаходзім апраўданне, калі нешта ідзе не так – гэта ж не паходзіць знутры мяне! Мы заўсёды абараняемся і апраўдваемся такім чынам, але мала клапоцімся аб тым, каб па-сапраўднаму пачаць змяняць сэрца.

Мы лёгка верым у тое, што не маем адказнасці і што іншыя вінаватыя ў нашых няўдачах і памылках, узгадваючы аб пэўных абставінах, балючых момантах у жыцці, недахопе любові і г.д. Фарысей заўсёды шукае прычыны звонку, каб абараняцца перад самім сабой. Ён здольны бачыць толькі бруд у іншых і не можа адарваць ад яго вочы. Не можа ўбачыць іншага.

Гэта вельмі небяспечны стан, якога мы павінны баяцца. Мець вочы і не бачыць – гэта пагражае тым, што мы будзе асуджаны назаўсёды застацца такімі, якія ёсць, і не змяніцца. А гэта сапраўднае пекла! Сэрца становіцца больш цвёрдым і робіць вызваленне больш складаным.

Увага да чужых правінаў, прыводзіць да таго, што мы перастаем бачыць усё іншае. Мы становімся халоднымі, жорсткімі перад бліжнім, бо праўда аб ім для нас заўсёды негатыўная. Неабходна выцягуць бярвенне з ўласнага вока, якое перашкаджае бачыць нават самае маленькае дабро ў іншым, каб нарэшце пачаць любіць яго і яднацца з ім. Інакш – застанемся назаўсёды ў адзіноце. Няздольнымі любіць і бачыць прыгожае ў тых, хто навокал.
Справядлівы практыкуецца ў апраўданнях, дзякуючы якім ён можа выглядаць больш разумным і спрыткім. Гэта ён робіць, каб падкрэсліць сваю адметнасць ад іншых. Колькі сіл мы ўкладаем у тое, каб адрознівацца, замест таго, каб яднацца! Мы заўсёды шукаем падцвярджэння гэтай нашай справядлівасці і адметнасці. Езус звяртае ўвагу на гэта, калі гаворыць аб прывітаннях на плошчах, гучных словах, заслугах і першых месцах у сінагозе. Гэта як матэрыяльнае і духоўнае спажывецтва – настырны, дакучлівы пошук падцвярджэння ўласнай справядлівасці. Справядлівы памнажае свае “добрыя справы”, каб адчуваць сябе ў парадку. Ён пастаянна аб гэтым клапоціцца. Якое сумнае і горкае шчасце!

А як адносіцца да нас Бог? У адрозненні ад чалавека, Ён ніколі не шукае і указвае на наш бруд. Ён прыйшоў да нас, каб паказаць, што не гэта зменіць і выратуе чалавека, але любоў! Езус не баіцца нашага граху, злых учынкаў – але толькі таго, што мы перастанем змагацца з імі. Ён звяртаўся да ўсіх не выключаючы нікога. Перш за ўсё, Яго пасланне было скіравана да тых, хто памыліўся, хто згубіўся, і праз гэта быў асуджаны іншымі. А для такога асуджэння дастаткова аднаго слова, ці нават позірку. Асуджэнне прыводзіць да адзіноты іншага, яго зацвярдзеласці. Езус так не робіць! Ён не шукае падцвярджэння нашай справядлівасці для таго, каб палюбіць нас: ён давярае тым, хто адкрывае Яму сэрца, нават калі і здраджвае. Таму не стамляецца любіць, таму заклікае прабачаць не сем, а семдзесят сем разоў. Ён прыйшоў дзеля хворых, а не дзеля здаровых. У гэтым сакрэт яго любові, якой Ён хоча вызваліць чалавека ад зла. Ніхто не змяняецца праз любоў да пэўнага закона, але толькі, калі сустракае таго, хто яго любіць, хто хоча, каб ён змяніўся, хто давярае, натхняе і кажа: “я веру, што ты зменішся”, “тваё жыццё – гэта не твой грэх”, “ты – гэта не твае памылкі, нават калі яны паўтараюцца і з’яўляюцца непазбежнымі і глыбокімі”.

Фарысю, які ёсць у нас, не прыемна прасіць прабачэння. Але гэтаму можна навучыцца, нават калі і не атрымліваецца. Мы можам рабіць гэта ў любым узросце, перажыўшы самыя розныя духоўныя хваробы і страхі. Гэта практыкаванне робіць салодкім тое, што напачатку падавалася горкім і дае магчымасць у любым узросце адчуць радаць ад таго, што мы любімыя, як дзеці. Няма межаў для таго, каб прасіць прабачэння, нават калі нам падаецца, што мы выкарыстоўваем Божую міласэрнасць, нават у самы апошні момант. “Пане, узгадай мяне ў сваім Валадарстве”, - казаў паміраючы побач з Хрыстом на крыжы злачынца. Трэба не баяцца зрабіць таксама, каб не пакутаваць ад таго, што мелі магчымасць, а не папрасілі прабачэння.








All the contents on this site are copyrighted ©.