2012-08-15 11:35:00

Кардынал Кох: заклік Сабору да “святасці” застаецца без увагі


RealAudioMP3 Кардынал Курт Кох выказаў шкадаванне з нагоды аднабаковага разумення ІІ Ватыканскага Сабору. Яго вучэнне аб пакліканні хрысціян да святасці не было прынята ўсур'ёз, заявіў старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству 14 жніўня ў Кёльне. На яго думку, гэта “адкрытая рана” паслясаборнага перыяду. Сабор, які адбыўся ў 1962-65 гг., паводле іерарха нагадаў, што хрысціянін пакліканы да святасці праз свой хрост. Гэты заклік не мае элітарнага характару і не з’яўляецца немагчымай задачай для звычайных людзей. Мэта паслядоўніка Хрыста ў тым, каб адпаведна свайму жыццёваму статусу, праз сужэнства, сям’ю, працу, ісці сваім асабістым шляхам да святасці.

Кардынал Кох падкрэсліў важнасць этычнага аспекту хросту. Сакрамэнт павінен суправаджацца пераарыентацыяй усяго жыцця ў знак салідарнасці з Езусам і Касцёлам. У гэта ўключаны этычна адпаведны і маральна правільны жыццёвы шлях. Акрамя таго, хрысціяне пакліканы дзяліцца верай. Рэкламай для паслядоўніка Хрыста не могуць быць толькі дакументы, але, перш за ўсё, пераканаўчае хрысціянскае жыццё.

Кардынал Кох выступіў на 43-й Нарадзе святароў супольнасці “Opus Dei”, якая прайшла на тэму “Пакліканне ахрышчаных і адказнасць за свет – 50 гадоў II Ватыканскага Сабору”.







All the contents on this site are copyrighted ©.