2012-08-14 10:43:50

Ватыканскі медыя-кансультант спадзяецца на хуткае судовае разбіральніцтва


RealAudioMP3 Новы ватыканскі медыя-кансультант Грэг Бёрк выказаўся за хуткае судовае разбіральніцтва па справе “Vatileaks”. Ён спадзяецца, што ўсё пойдзе нашмат хутчэй, чым звычайна гэта адбываецца ў італьянскіх судах. Амерыканскі журналіст прызнаўся ў інтэрв’ю сённяшняй “Tagespost”, што сродкі масавай інфармацыі хочуць знайсці ў справе папскага камердынера тое, чаго на самой справе няма. Нават калі “Vatileaks” стаў праблемай для Ватыкана, папа Бэнэдыкт XVI абсалютна адкрыты на яе вырашэнне. Гаворка не ідзе пра “рак”, але “параненую нагу, якую можна ацаліць”, упэўнены Бёрк.

Каб палепшыць імідж Святога Пасаду, медыя-кансультант лічыць, што трэба лепш рэагаваць на публікацыі ў медыя. Гэта дапаможа зразумець, якім чынам даваць адказ сучасным сродкам масавай інфармацыі. Аднак, у традыцыйнай установе ўсё не можа змяніцца ў імгненне. Запярэчанне Халакосту лефебрысцкім біскупам Уільямсанам з’яўляецца да некаторай ступені класічным выпадкам, як нешта можа пайсці не так, нагадаў журналіст падзеі нядаўняга мінулага. Але з тых часоў шмат вады выцекла, лічыць медыя-кансультант і дадае, што для добрых адносін са СМІ заўсёды неабходна добрае планаванне: “Ватыкан ў сферы грамадскіх сувязяў планаваў вельмі часта дрэнна – і нейкім чынам на працягу доўгага часу так працаваў”, - сказаў амерыканскі журналіст.

Грэг Бёрк нагадаў, што Касцёл Езуса Хрыста нясе станоўчую і радасную навіну. Свет змяніўся, таксама “гадзіннік” сусветных сродкаў масавай ідзе інакш, чым раней. “Мы маем справу не толькі з некалькімі газетамі, але са штодзённым кругласутачным наплывам навін”, - звярнуў увагу ён.

Дзяржаўны сакратарыят Святога Пасаду ў чэрвені ўвёў новую пасаду медыя-кансультанта. Яе заняў вядомы ватыканскі карэспандэнт тэлекампаніі “Fox News” 52-гадовы Грэг Бёрк. Журналіст належыць да “Opus Dei”.







All the contents on this site are copyrighted ©.