2012-08-13 16:11:48

"Хрысціянін у секулярным грамадстве". Канфлікт ці іерархія мэтаў?


RealAudioMP3 Напрацягу нашых радыёспатканняў мы неаднаразова заўважалі, што сучасная ідэалогія секулярызма імкнецца падмяніць жыццёвыя мэты людзей: зацыкліць чалавека на чым заўгодна, толькі б ён не шукаў сэнсу жыцця па-за сваім целам і матэрыяльным светам. За ўсім гэтым стаіць адна і тая ж негатыўная мэта: адвярнуць чалавека ад пазнання рэальнага сэнсу яго жыцця.

Секулярнасць спакушае сучаснага чалавека тым, каб замяніць імкненне да якасці жыцця бессэнсоўным пашырэннем колькасці кароткатэрміновых і малапатрэбных дабротаў. Іншымі словамі, робяцца неверагодныя захады для таго, каб адвесці чалавека ад вертыкальнага (духоўнага) вымярэння яго існавання, максімальна пашыраючы гарызантальнае (матэрыяльнае) вымярэнне.

У сувязі з гэтым, католіку варта ўмець заўважаць, якія жыцёвыя мэты ставіць перад чалавекам секулярны светапогляд, а якія мэты прапаноўвае Касцёл. А адкрыўшы гэтыя мэты, варта рабіць адпаведныя і практычныя вывады.

Яшчэ старажытныя мудрацы заўважылі, што ў жыцці чалавека можна вызначыць тры ключавыя мэты: бліжэйшую, далейшую і канчатковую. Гэтае назіранне старажытных было падхопленае і развітае хрысціянскімі мыслярамі. Бліжэйшай мэтай яны называлі ўсё тое, што мы робім дзеля заспакаення нейкіх кароткатэрміновых задумак. Прыкладам такой мэты можа быць праца сённяшняга дня. Далейшая мэта – гэта тое, дзеля чаго чалавек займаецца разнастайнымі справамі. У многіх людзей гэтая мэта зводзіцца да дабра сям’і, набыцця важнай маёмасці, вяршыні кар’еры або багацця. Канчатковая мэта – гэта тое, дзеля чаго чалавек увогуле жыве. Для многіх людзей гэтая мэта застаецца тэмай табу. Яны проста ўцякаюць ад адказу на пытанне: для чаго я існую? Часта гэта звязанае з тым, што такія людзі падсвядома разумеюць, што няправільна выбудоўваюць жыццёвыя прыярытэты або ўвогуле іх не маюць.

Калі б мы спыталіся ў ідэолагаў секулярнага стылю жыцця,у чым яны бачаць бліжэйшую, далейшую і канчатковую мэту чалавечага існавання, то атрымалі б вельмі дзіўны адказ. Бо з аднаго боку, бязбожнікі прапаноўваюць людзям веру ў цмяны тэрмін “прагрэс”, веру ў “светлую будучыню”. Навошта? Каб у выніку чалавек стаў зямным богам, супермэнам, які стварыў бы ідэальныя ўмовы для існавання свайго цела. Калі працягнуць пошук канчатковай мэты секулярнай асобы, то мы скончым вялікай пустатой, нігілізмам.

Секулярызм па сутнасці не прапаноўвае чалавеку ніякай мэты жыцця. А ўсё нашае існаванне зводзіць да таго, каб мы прынялі сваё кароткае жыццё як сляпы выпадак, які трэба максімальна выкарыстаць для самазавальнення, а пасля бессэнсоўна знікнуць. Адсюль становіцца зразумелым раздмухванне ідэалогіі спажывецкасці, шоў, штучнага пашырэння колькасці тавараў і паслуг. Гэта як наркотык, які стымулюе развіццё чалавека так, што ён становіцца проста няздольным глядзець на свет у іншай перспектыве.

Нягледзячы на моцны ціск рознакаляровай ідэалогіі секулярызму, Касцёл не перастае абвяшчаць цвярозае мысленне і рэальныя жыццёвыя мэты чалавека. Біблія нагадвае нам, што мы ў гэтым свеце не выпадковыя паразіты, але ўлюбёныя сыны і дочкі Бога, адносна якіх Ён мае вялікія і канкрэтныя планы. Нашая вера кліча нас да гарманічгана сумяшчэння вертыкальнага і гарызантальна вымярэння наша жыцця. Гэтая гармонія магчымая тады, калі мы пажадаем адкрыць сэнс (мэту) нашага існавання. Гэтае адкрыццё дапамагае пазбегчы мімалётных і супярэчлівых мэтаў і пабудаваць гарманічную іерархію таго, дзеля чаго сапраўды варта жыць сёння, заўтра і ў вечнасці. Нават павярхоўнае параўнанне каталіцкага і секулярнага светапогляду паказвае гарманічнасць хрысціянства і бессэнсоўнасць секулярнасці.

Шматвяковая мудрасць Божага Касцёла не перастае вучыць нас будаваць у сваім жыцці выразную іерархію мэтаў: бліжэйшай, далейшай і канчатковай. Найвышэйшай мэтай нашага існавання з’яўляецца паўната жыцця з Богам. Дзеля яе дасягнення нам трэба выратавацца ад небяспекі граху і пекла. І гэта мэта нашага зямнога жыцця – дасягнуць Збаўлення, якое прыносіць нам Хрыстус. І ўрэшце бліжэйшыя мэты (большыя і меншыя) – гэта дасягненне таго, што служыць нашаму збаўленню. Для супольнасці Касцёла гэта будзе місія абвяшчэння Евангелля і распараджэння сакрамэнтамі і ншымі Божымі дарамі. Для звычайнага верніка гэтымі мэтамі будзе сведчанне хрысціянскага жыцця ў паўсядзённасці.

Здаецца, для сучаснага хрысціяніна становіцца пытаннем “быць або не быць” справа пераадолення секулярнага падыходу да жыцця. Адрынуць бліскучыя, але бессэнсоўныя спакусы спажывецкасці і распачаць гарманічнае жыццё з выразнай іерархіяй мэтаў і прыярытэтаў. Ніякія зямныя перашкоды не страшныя католіку, які адкрыў у Богу сваю канчатковую мэту і на кожнай штодзённай малітве дапасоўвае да яе свае бліжэйшыя і далейшыя планы.








All the contents on this site are copyrighted ©.