2012-08-13 15:26:40

Апублікаваны абвінаваўчы акт адносна крадзяжу ватыканскіх дакументаў


RealAudioMP3 13 жніўня быў апублікаваны абвінаваўчы акт адносна Паўла Габрыэле, камердынера Папскага дома – галоўнага падазраванага ў крадзяжы і продажы журналістам асабістых дакументаў Папы і Апостальскай Сталіцы. Яны былі апублікаваны 19 мая 2012 г. у кнізе Джанлуіджы Нуцы “Яго Святасць. Асабістыя лісты Бэнэдыкта XVI”. У адказ на публікацыю, судовая паліцыя Ватыкана, пачала раследванне па наступных артыкулах: злачынства супраць дзяржавы, злачынства супраць дзяржаўных уладаў, пагарда дзяржаўнымі інстытутамі, паклёп, дэфамацыя, буйны крадзеж, злачынства ўчыненае групай асоб, пакрыванне злачынцы, здрада таямніцы. Паўла Габрыэле быў арыштаваны 23 мая. У яго доме, акрамя асабістых дакументаў Папы, знайшлі банкаўскі квіток на суму 100 тыс. еўра, а таксама ўнікальны залаты камень і кнігу “Энэіда” ХVI ст. Усе гэтыя рэчы былі падарункамі Святому Айцу ад розных рэлігійных інстытутаў.

Як вынікае з абвінаваўчага акту, падазраваць Паўла Габрыэле ў крадзяжы пачалі пасля таго, як асабісты сакратар Папы, кс. прэлат Георг Генсвайн, заўважыў сярод апублікаваных у кнізе дакументаў, некаторыя лісты, якія ён сам перадаў Габрыэле для падрыхтоўкі адпаведнага адказу на іх. Адзначаецца, што праз дзень пасля іх публікацыі, Папа, яго сакратары, а таксама людзі, што дапамагаюць у апартаментах Пантыфіка, сабраліся разам, каб паразмаўляць аб гэтым выпадку. Паўла Габрыэле адмаўляў сваю датычнасць да знікнення дакументаў і нават выражаў здзіўленне, адносна таго, якім чынам яны маглі патрапіць у рукі журналістаў.

Аднак, падчас допытаў, ён прызнаўся ў крадзяжы дакументаў і іх перадачы італьянскаму журналісту, сцвярджаючы што не атрымліваў за гэта грошы. Ён тлумачыў свае ўчынкі жаданнем барацьбы з карупцыяй у Касцёле, нібыта “шок (...) мог аздаравіць і вывесці Касцёл у правільным накірунку”. Перш за ўсё, ён лічыў сябе “абраным” для гэтага задання Святым Духам.

Паўла Габрыэле быў даследаваны двума дактарамі-псіхіятрамі, якія не змаглі даць аднолькавага заключэння аб стане псіхічнага здароўя падазраванага ў момант здзяйснення злачынства, і таму следчымі была абрана версія, аб яго свядомым стане.

Таксама ў рамках расследавання злачынства быў арыштаваны іншы падазраваны, супрацоўнік Дзяржсакратарыяту, праграміст Клаўдыё Шарпелецці. У яго працоўным стале быў знойдзены закрыты канверт з дакументамі, якія тычыліся справы. Ён быў абвінавачаны ў крадзяжы дакументаў, раскрыцці таямніцы і пакрыванні злачынцы. Аднак у ходзе следства, выявілася, што яго роля была “маргінальнай”: канверт ён павінен быў толькі перадаць Паўла Габрыэле, не ведаючы, што там унутры. Таму ён быў вызвалены з турмы на наступны дзень, але на ім застаецца абвінавачанне ў пакрыванні злачынцы.

Як паведаміў сёння кс. Фэдэрыка Ламбардзі, кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы, працяг расследавання і судовыя працэдуры пачнуцца не раней за сярэдзіну верасня 2012 г.








All the contents on this site are copyrighted ©.